Зяленскі назваў адзіны спосаб скончыць вайну
- 16.09.2025, 7:41
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен праявіць адвагу.
Адзіны спосаб спыніць баявыя дзеянні ва Украіне — гэта для пачатку прадставіць выразныя гарантыі бяспекі. У прыватнасці, з боку ЗША.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, паведамляе Sky News.
Паводле яго слоў, спыненне вайны можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праявіць адвагу.
Зяленскі выказаў надзею, што прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер падчас візіту Трампа дэталёва абмяркуе з ім пытанні забеспячэння будучыні Украіны.
«Я вельмі спадзяюся, што ён (Стармер — рэд.) зможа правесці вельмі канкрэтную дыскусію аб гарантыях бяспекі з боку ЗША для Украіны», — сказаў Зяленскі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што канкрэтны дакумент павінен быць яшчэ да заканчэння вайны.
«Перш чым мы скончым вайну, я сапраўды хачу, каб усе пагадненні былі заключаны. Я хачу... мець дакумент, які падтрымаюць ЗША і ўсе еўрапейскія партнёры. Гэта вельмі важна. Каб гэта адбылося, нам патрэбная пэўная пазіцыя прэзідэнта Трампа», — заявіў Зяленскі.
Акрамя таго, ён лічыць, што Трамп можа прадаставіць Украіне сістэмы СПА ў неабходнай колькасці, паколькі «у ЗША іх дастаткова».