Германія стала чэмпіёнкай Еўропы па баскетболе
- 15.09.2025, 8:34
У фінале нямцы перамаглі туркаў.
Зборная Германіі па баскетболе заваявала тытул чэмпіёна Еўропы, перамогшы ў нядзелю, 14 верасня, у фінальным паядынку турніру, што прайшоў у Рыге, супернікаў з Турцыі з лікам 88:83. Два гады таму нямцы таксама сталі чэмпіёнамі свету па баскетболе на першынстве ў Маніле, піша «Нямецкая хваля».
Зборная ФРГ становіцца чэмпіёнкай Еўропы па баскетболе другі раз. Упершыню яна заваявала гэты тытул у 1993 годзе. «Германія ў баскетболе — чэмпіён свету і Еўропы. Мы менавіта там, дзе нам месца, — і ў нас яшчэ засталася дома пара вельмі нядрэнных гульцоў», — такімі словамі пракаментаваў перамогу нямецкая зорка НБА Франц Вагнер.
Вырашальныя ачкі на апошняй хвіліне забіў капітан зборнай ФРГ Дэніс Шрёдэр. Пазней яго прызналі самым каштоўным гульцом матча.