Андрэй Войніч: Хачу абняць усіх, хто пра нас памятаў
- 13.09.2025, 20:51
Выхад на волю для палітвязняў стаў поўнай нечаканасцю.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч, вызвалены ўладамі 11 верасня, падзяліўся з сайтам Charter97.org першымі ўражаннямі пасля выхаду на волю. Зараз былы палітвязень знаходзіцца ў Літве, куды быў прымусова дэпартаваны разам з іншымі былымі вязнямі сумлення:
— Вельмі чакаў, што нас адпусцяць на волю. Бо быў пастаянны псіхалагічны ціск, нейкая травля, булінг увесь час. Было даволі цяжка, і, вядома, мы чакалі гэтага вызвалення. Нягледзячы на тое, што мы чакалі гэтага вызвалення, яно стала нечаканасцю.
Разуменне таго, што нас сапраўды вызвалілі, прыйшло ў самы апошні момант, калі мы ўжо перасеклі мяжу і ўбачылі людзей, якія нас сустракалі. Першыя ўражанні — усё ж такі ўдзячнасць. Удзячнасць людзям, якія за нас перажывалі, якія нам дапамагалі, якія рабілі ўсё дзеля таго, каб мы апынуліся на волі. Гэта і простыя людзі, сябры, знаёмыя, сваякі, гэта дыпламаты і праваабаронцы, журналісты і многія-многія іншыя. Проста хацелася гэтых людзей абдымаць і выказаць удзячнасць.
— Чаму вас вызвалілі, як вы думаеце?
— Я думаю, што нас вызвалілі са страху, у мяне чамусьці такое адчуванне. Улады баяліся таго, што і так ужо патовая сітуацыя пагоршыцца. Рэжым спалохаўся людзей і меркавання грамадскасці.
— Якія планы на будучыню?
— Пакуль — адпачыць ад усяго гэтага маразму, які мы перажылі. Потым — уключыцца ў нармальнае чалавечае свабоднае жыццё.