Politico: Еўрапейскія лідары пераканалі Трампа «даціснуць» Расію
- 12.09.2025, 20:39
Засталася самая цяжкая частка.
Еўрапейскія лідары нарэшце пераканалі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, што Расія не зацікаўленая ў завяршэнні вайны ва Украіне і яе трэба прымусіць сесці за стол перамоваў. Цяпер ім трэба дамовіцца з непрадказальным Белым домам, як менавіта гэта зрабіць, піша Politico са спасылкай на крыніцы сярод чыноўнікаў і дыпламатаў.
Паводле суразмоўцаў, еўрапейскія палітыкі і адміністрацыя Дональда Трампа актыўна абмяркоўваюць новыя меры ціску на Расію, каб прымусіць Крэмль сесці за стол перамоваў па Украіне. ЕС нацэлены на фармальныя санкцыі супраць расійскіх кампаній і фінансавых інстытутаў, якія працуюць з Масквой, у той час як Трамп аддае перавагу выкарыстоўваць гандлёвыя рычагі, накшталт пошлін на расійскую прадукцыю, каб пазбавіць Крэмль сродкаў для вядзення вайны,
На мінулым тыдні прайшло мноства сустрэч паміж высокапастаўленымі чыноўнікамі ЕС і ЗША. У прыватнасці, у Вашынгтон была накіраваная тэхнічная каманда ЕС для прапрацоўкі дэталяў новых санкцый. Паводле дыпламатаў, абодва бакі згодныя, што трэба ўзмацняць ціск на Расію, але разыходзяцца ў спосабах: Еўропа хоча ўвесці юрыдычна замацаваныя санкцыі, ЗША больш арыентуюцца на эканамічныя інструменты, у тым ліку гандлёвыя.
Прэзідэнт ЗША прапанаваў увесці 100%-ныя пошліны на закупку расійскай нафты і газу такімі краінамі, як Індыя і Кітай, пры ўмове, што ЕС падтрымае аналагічныя меры. Для Еўропы гэта немагчыма: падобныя тарыфы самі па сабе супярэчаць асноўным прынцыпам блока, да таго ж могуць моцна ўдарыць па ўласнай эканоміцы і па стратэгічных гандлёвых партнёрах.
Як тлумачаць у ЕС, «тарыфы — гэта падаткі на нашых спажыўцоў» і накладваць іх на Індыю і Кітай азначала б сур'ёзную шкоду для эканомікі.
Дыпламаты ЕС лічаць гэтае прапанаванне «нерэалістычным патрабаваннем» Трампа: ЕС фізічна не можа яго выканаць, і калі гэта стане перашкодай для сумесных дзеянняў, то далейшы ўзгоднены ціск на Расію будзе ўскладнены.