Польскі намеснік міністра Граматыка: У Беларусі адбываецца нешта, пра што мы не ведаем
- 12.09.2025, 19:29
Унесці яснасць дапаможа Трамп.
Намеснік міністра лічбавізацыі Польшчы Міхал Граматыка лічыць, што ў Беларусі адбываюцца пэўныя падзеі, схаваныя ад грамадскасці, і праясніць сітуацыю могуць паводзіны прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Onet, заўважыла «Зеркало»
Каментуючы рашэнне Лукашэнкі аб вызваленні больш за паўсотні зняволеных, Міхал Граматыка дапусціў, што ў Беларусі могуць адбыцца пэўныя закулісныя змены.
Паводле ягоных слоў, у нашай краіне адбываецца «нешта, пра што мы не ведаем і што не можам сёння вызначыць».
— Мы гэта бачым у медыйнай і сацыяльнай прасторы. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя дні з’явяцца адказы. Калі прэзідэнт ЗША будзе звяртацца да Лукашэнкі ў вельмі фамільярным тоне, значыць, нешта адбываецца, — заявіў намеснік міністра.
Чым менавіта можа абярнуцца такое становішча спраў, ён не патлумачыў.
Палітык нагадаў, што 11 верасня ў Беларусі выйшлі на волю 52 зняволеныя, сярод якіх былі трое палякаў. Раней у той жа дзень Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коулем, які перадаў ліст ад Дональда Трампа з «цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі здароўя, дабрабыту і поспехаў у сумеснай працы на карысць народаў ЗША і Беларусі».
Пры гэтым сярод вызваленых не было палітзняволенага журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута.
Граматыка падкрэсліў, што Міністэрства замежных спраў Польшчы вядзе «гіганцкую працу» дзеля яго вызвалення.
— Гэта высокакласныя прафесіяналы, якія ўжо многія месяцы працуюць над тым, каб Пачобута вызвалілі з беларускай турмы. Спадзяюся, што ўрэшце яны дасягнуць поспеху. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ва ўзаемадзеянні з нашымі саюзнікамі, якія маюць значна больш аргументаў у перамовах з беларускім рэжымам, — заявіў намеснік міністра.