BE RU EN

«Трэба змяняць і тактыку, і метады ўздзеяння на Расію»

  • 12.09.2025, 15:14

Тады сітуацыя зменіцца.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні сустрэўся ў Кіеве са спецпрадстаўніком лідара ЗША Кітам Келлогам. Гэты візіт — вельмі важны, бо цяпер у перамовным працэсе не проста паўза, а крызіс. Неабходна змяняць тактыку і метады ўздзеяння на Расію.

Такую думку агучыў вядомы ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фесенка.

Ён нагадаў, што Келлог у Кіеў прыязджае рэгулярна, амаль кожны месяц. Такія візіты — сістэмны канал сувязі паміж ЗША і Украінай. Канал, які тычыцца палітычных пытанняў, вайсковага супрацоўніцтва, бяспекі.

- Паза ўсялякімі сумневамі абмяркоўваецца і перспектыва далейшага перамоўнага працэсу. Бо цяпер гэта не проста паўза. Усім відавочна. Чарговы крызіс у перамовах. Не проста паўза. Ніякіх рэальных перамоў цяпер няма, — сказаў палітолаг.

Паводле меркавання Фесенкі, сітуацыя пагоршылася пасля вяртання Пуціна з Кітая, бо ён пачаў дэманстраваць агрэсію.

- Замест перамоў Пуцін пачаў узмацняць ваенны ціск на Украіну. І, як высветлілася, не толькі на Украіну, але і на краіны Еўропы, на Польшчу. І ў гэтым таксама сігнал. Сігнал трывогі, — падкрэсліў палітолаг.

Тая дыпламатыя загравання з Пуціным, якую ўкаранялі ЗША, не працуе, лічыць Фесенка.

- Была спроба нейкага «размену», пра які Джэй Дзі Вэнс (віцэ-прэзідэнт ЗША, — рэд.) казаў днямі. Маўляў, Украіна павінна вывесці свае войскі. Ён намякнуў, але па аб’ёме тэрыторыі было зразумела, што гаворка ішла пра Данецкую вобласць. Мы, маўляў, павінны аддаць ім Данецкую вобласць, а потым атрымаем гарантыі бяспекі. Якія?

Ад каго? Як? Нейкім чынам гэта выглядае дзіўна. Тым больш у цяперашніх умовах. Мы даўно не верым Пуціну на слова. Ніякага даверу да расійскага дыктатара ў Украіны няма. У нас ёсць горкі досвед усяго таго, што адбылося за апошнія 3,5 года ў межах паўнамаштабнай вайны, — адзначыў спікер.

Паміж Зяленскім і Келлогам, мяркуе Фесенка, цяпер абмяркоўваецца пытанне пра тое, якім чынам аказваць ціск на Расію, каб прымусіць яе да рэальных мірных перамоў.

- Зараз ніякіх перамоў няма, сітуацыя стала яшчэ горшая. Таму тая методыка, якая выкарыстоўвалася амерыканскім бокам у жніўні, на жаль, не дала выніку. Трэба змяняць і тактыку, і метады ўздзеяння на Расію. Вось тады, магчыма, сітуацыя выправіцца. А зараз, на жаль, ёсць відавочны крызіс у перамовным працэсе. І гэта, напэўна, адна з тэм абмеркавання паміж Зяленскім і Келлогам, — рэзюмаваў эксперт.

Апошнія навіны