BE RU EN

Ці ёсць чэргі на выезд з Літвы ў Беларусь пасля таго, як Польшча закрыла мяжу?

  • 12.09.2025, 13:55

Паведамілі літоўскія памежнікі.

Пасля таго, як у пятніцу Польшча часова закрыла мяжу з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025», чэргаў на выезд з Літвы ў нашу краіну пакуль не назіраецца.

Пра гэта паведамілі агенцтву BNS у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (СОГГ), піша LRT.

У ведамстве адзначылі, што «ўсе пераходы працуюць у звычайным рэжыме», чэргаў з легкавых аўтамабіляў няма, а закрыццё мяжы Польшчай «пакуль ніяк не паўплывала на сітуацыю».

У СОГГ дадалі, што ў пятніцу каля 9:30 раніцы на пераходзе «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог») у зоне чакання на ўезд у Беларусь чакала 41 грузавік, максімальны час чакання складае каля чатырох гадзін.

Раніцай на пункце пропуску «Шальчынінкай» («Беняконі») стаялі 27 грузавікоў, час чакання складаў каля трох гадзін.

Тым часам з беларускага боку мяжы чэргі ёсць. Паводле дадзеных Дзяржпагранкамітэта на 12:00 12 верасня, на выезд з Беларусі ў Літву ў агульнай складанасці чакала 290 легкавых аўтамабіляў (170 — у «Каменным Логу» і 120 — у «Беняконях») і 710 грузавікоў.

Апошнія навіны