«Гэта не была памылка»
- 12.09.2025, 9:11
Сікорскі адказаў Трампу.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна парушэння польскай паветранай прасторы расійскімі дронамі. Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што гэта магла быць «памылка». У пятніцу раніцай Сікорскі апублікаваў запіс з Кіева, у якім зноў пракаментаваў расійскую атаку, паведамляе TVN24.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытанне пра парушэнне польскай паветранай прасторы расійскімі дронамі, адзначыў, што «гэта магла быць памылка». «Нягледзячы на гэта, я не задаволены нічым, што звязана з усёй гэтай сітуацыяй, але спадзяюся, што гэта скончыцца», — дадаў ён.
Гэта быў усяго толькі другі публічны каментар Трампа адносна ўварвання расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы. У сераду ён выказаў здзіўленне наконт гэтага інцыдэнту ў сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Truth Social. «Што адбываецца з Расіяй, якая парушае паветраную прастору Польшчы з дапамогай дронаў? Пачынаецца! (па-англійску: «Here we go!»)», — напісаў ён.
На словы Трампа адрэагаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. «Не, гэта не была памылка», — напісаў ён на платформе X.
У пятніцу раніцай кіраўнік МЗС апублікаваў у X відэазапіс з подпісам «справаздача з Кіева», на якім пасол Польшчы ва Украіне Пётр Лукашэвіч паведамляе, што пасля апошняга ўдару дронаў і ракет па Кіеве пашкоджанні польскай амбасады і консульства былі ліквідаваныя. «Мы працуем у звычайным рэжыме ў гэтых умовах», — дадае дыпламат. «У ноч, калі над Польшчай праляцела 19 расійскіх дронаў, над Украінай праляцела 400, плюс 40 ракет. Гэта не былі памылкі», — заяўляе Сікорскі на відэа.