ФБР апублікавала фота падазраванага ў забойстве Кірка
- 12.09.2025, 5:44
За інфармацыю пра стралка абвешчана ўзнагарода.
Федэральнае бюро расследаванняў абнародавала фатаграфіі падазраванага ў забойстве Чарлі Кірка і звярнулася да грамадскасці з просьбай прадаставіць любую інфармацыю за ўзнагароду да 100 тысяч долараў, піша Associated Press.
На фота зафіксаваны чалавек у капелюшы, сонцаахоўных акулярах і чорнай кашулі з доўгім рукавом.
Паводле даных следчых, падазраваны пасля стрэлу саскочыў з даху і ўцёк у жылы раён, яго асобу пакуль не ўстаноўлена. Як гаворыцца ў паведамленні ФБР, ён «падобна, студэнцкага ўзросту» і «зліўся» са студэнтамі кампуса. Бюро ўжо заклікала жыхароў, якія жывуць паблізу Універсітэта даліны Юты, праверыць свае камеры назірання.
Праваахоўнікі таксама паведамілі, што ў лясной паласе паблізу ўніверсітэцкага кампуса, верагодна на шляху адступлення нападніка, была знойдзена загорнутая ў ручнік вінтоўка Маўзер калібру .30 са слізгальным затворам. Унутры была выяўлена выкарыстаная гільза, а таксама тры патроны ў магазіне. Зброя і боепрыпасы цяпер праходзяць судова-крыміналістычны аналіз у федэральнай лабараторыі. Следчыя спадзяюцца, што гэта дапаможа ўстанавіць асобу стралка або матыў злачынства.
Раней ФБР ужо затрымала двух чалавек, якія аказаліся не датычнымі і былі вызваленыя.
Нагадаем, што Кірка забілі напярэдадні ў штаце Юта.
Дональд Трамп падчас выступлення ў Пентагоне заявіў, што пасмяротна ўзнагародзіць Кірка Прэзідэнцкім медалём Свабоды. Гэта найвышэйшая грамадзянская ўзнагарода Злучаных Штатаў, якую ўручаюць прэзідэнты людзям, якія ўнеслі значны ўклад у розныя сферы, уключна з культурай і дзяржаўнай службай.