Яўген Вільскі: Статкевіч сказаў, што плюваць ён хацеў «на вашага калгаснага лідара»
- 11.09.2025, 21:14
Лідар беларускай апазіцыі заявіў, што Лукашэнка не вырашае яго лёс.
Вызваленыя 11 верасня палітвязні, а таксама паплечнік палітыка Яўген Вільскі расказалі «Зеркалу» падрабязнасці пра Мікалая Статкевіча. Нагадаем, ён адмовіўся выязджаць у Літву і вярнуўся ў Беларусь.
Паплечнік Статкевіча па партыі Яўген Вільскі спрабаваў угаварыць палітыка перайсці на літоўскі бок, аднак Статкевіч, паводле яго слоў, быў непахісны і заявіў, што сам будзе вырашаць свой лёс.
— Былі некалькі спробаў яго ўгаварыць: і амерыканскія дыпламаты, і жонка, і яшчэ нейкая жанчына. Мне далі пяць хвілін, гэта была апошняя спроба. Завялі туды, гэта адбывалася ў Беларусі, на памежным пераходзе. Ён адмовіўся. Ён лічыць, што Лукашэнка не вырашае яго лёс. Ён будзе знаходзіцца там, дзе хоча, і плюваць ён хацеў «на вашага калгаснага лідара». Ён хоча знаходзіцца ў Беларусі, — перадаў словы Статкевіча яго паплечнік.
Пасля таго як стала канчаткова зразумела, што Мікалай Статкевіч не зменіць свайго рашэння, яго адвезлі ў невядомым кірунку. Па словах Вільскага, гэта рабілі людзі ў масках, якія ўвесь час знаходзіліся побач.
— Яны стаялі побач, у трох метрах. Ніхто яму нічога не паведамляў, куды павязуць ці што. Час скончыўся, і мы пайшлі, яго павялі ў іншы бок. Усё, — расказаў Яўген Вільскі.