У МЗС Польшчы расказалі пра палякаў, якія выйшлі на волю
- 11.09.2025, 17:41
Вядома пра трох вызваленых.
Сярод 52 чалавек, вызваленых сёння ў Беларусі, ёсць трае польскіх грамадзян, а таксама васьмёра беларускіх журналістаў, звязаных з польскімі медыя. Пра гэта 11 верасня на брыфінгу для журналістаў паведаміў прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вронскі, піша «Зеркало».
Паводле слоў Вронскага, з 52 вызваленых, пра якіх на гэты момант вядома Варшаве, трае — грамадзяне Польшчы (у тым ліку асуджаныя на доўгія тэрміны), а таксама васьмёра грамадзян Беларусі, якія былі журналістамі, супрацоўнікамі тэлеканала «Белсат» і іншых польскіх медыя.
Вронскі падкрэсліў, што польская дыпламатыя дамагалася іх вызвалення.
— Мы хацелі б таксама вельмі падзякаваць прэзідэнту Трампу, які асабіста ўдзельнічаў у гэтым, а таксама яго пасланнікаў — спадара Джона Коула і спадара Крыстафера Сміта, якія вялі эфектыўныя перамовы, — заявіў прадстаўнік МЗС Польшчы.
Ён дадаў, што вызваленыя ўжо перасеклі мяжу Беларусі і знаходзяцца ў дарозе ў Вільню.
Павел Вронскі не назваў імёнаў вызваленых, спасылаючыся на тое, што інфармацыя яшчэ папярэдняя. Аднак пацвердзіў, што ў цяперашняй групе няма журналіста і аднаго з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута.
— Мы разлічваем, што ў наступнай групе, якая будзе вызваленая з беларускіх турмаў, апынецца таксама Анджэй Пачобут, які пастаянна знаходзіцца на першым месцы ў нашых чаканнях і за вызваленне якога польская дыпламатыя змагаецца самымі рознымі спосабамі, — падкрэсліў дыпламат.
Вронскі адмовіўся адказваць на пытанне, як МЗС інтэрпрэтуе дзеянні беларускіх уладаў, якія, з аднаго боку, вызваляюць людзей, а з другога — працягваюць затрымліваць палякаў. Замест гэтага ён нагадаў, што МЗС Польшчы заклікае суайчыннікаў не ездзіць у Беларусь.
— Яны могуць стаць там свайго роду закладнікамі. Менавіта так мы трактуём сітуацыю з затрыманнем польскага грамадзяніна, — падсумаваў Павел Вронскі.