BE RU EN

Навукоўцы раяць пажылым людзям займацца ёгай

  • 11.09.2025, 13:39

Мінімум два–тры разы на тыдзень.

Ёга можа не толькі зніжаць узровень стрэсу, але і абараняць галаўны мозг ад узроставых змяненняў. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Каліфорніі. Вынікі даследавання апублікаваныя у часопісе American Heart Association (AHA).

Паводле звестак даследчыкаў, рэгулярныя заняткі ёгай змяншаюць запаленне, падтрымліваюць памяць і дапамагаюць запаволіць кагнітыўнае старэнне, зніжаючы рызыку развіцця дэменцыі. Эфект тлумачыцца комплексным уздзеяннем практыкі: яна спалучае фізічную актыўнасць, дыхальныя практыкаванні і медытацыю, што ўмацоўвае сувязь паміж целам і нервовай сістэмай і павышае ўстойлівасць галаўнога мозгу да стрэсу.

У адным з даследаванняў навукоўцы параўноўвалі жанчын, якія займаюцца ёгай, і ўдзельніц кантрольнай групы. У першых адзначалася больш шэрага рэчыва ў зонах галаўнога мозгу, якія адказваюць за памяць і мысленне, а таксама больш высокі ўзровень кагнітыўнай актыўнасці.

Шэрае рэчыва з’яўляецца асноўным кампанентам цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека. Яно ўключае клеткавыя целы нейронаў, якія дапамагаюць у апрацоўцы сенсарнай інфармацыі, рэгуляцыі эмацыйных рэакцый, кіраванні памяццю і навучанні.

Асобную ўвагу навукоўцы надалі кундаліні-ёзе. Высветлілася, што ў жанчын пасля наступлення менапаўзы яна дапамагала захоўваць шэрае рэчыва і паляпшаць выканаўчыя функцыі больш эфектыўна, чым традыцыйныя трэнажоры для галаўнога мозгу. Адзначаецца, што кундаліні-ёга ўключае вялікую колькасць практыкаванняў для расслаблення пазваночніка і ўмацавання рук.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што для ўстойлівага эфекту неабходна займацца мінімум два–тры разы на тыдзень.

Апошнія навіны