Савет Бяспекі ААН правядзе тэрміновае пасяджэнне з-за ўварвання дронаў РФ у Польшчу
- 11.09.2025, 13:27
Варшава папрасіла падтрымкі ў саюзнікаў.
Польшча абвясціла пра правядзенне тэрміновага пасяджэння Савета Бяспекі ААН у адказ на ўварванне расійскіх дронаў у яе паветраную прастору. Пра гэта заявіў польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, падкрэсліўшы, што напад стаў беспрэцэдэнтным парушэннем суверэнітэту краіны, сябра НАТА і ЕС, піша Financial Times (пераклад — сайт Charter97.org).
Раніцай у сераду каля 19 расійскіх беспілотнікаў перасеклі дзяржаўную мяжу Польшчы. Частка з іх была збіта польскімі знішчальнікамі. Гэта стала першым выпадкам, калі сілы НАТА адкрыта ўступілі ў канфлікт з расійскімі сродкамі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Масквы ва Украіну.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў інцыдэнт «маштабнай правакацыяй» Масквы, падкрэсліўшы, што краіна апынулася «найбліжэй да адкрытага канфлікту з часоў Другой сусветнай вайны». Польшча папрасіла саюзнікаў па НАТА ўзмацніць сістэмы супрацьпаветранай абароны. Францыя, Вялікабрытанія, Украіна, Італія, Германія і Нідэрланды прапанавалі «канкрэтную падтрымку ў абароне паветранай прасторы».
Некаторыя беспілотнікі былі запушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Ахвяр няма. Еўрапейскія саюзнікі Польшчы рэзка асудзілі інцыдэнт, адзначыўшы, што Масква свядома нагнятае напружанасць, а не шукае перамір’я ў вайне супраць Украіны.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абмежаваўся кароткім каментаром у сацсетцы, не паабяцаўшы павелічэння ваеннай падтрымкі. Сікорскі заклікаў Вашынгтон заняць больш жорсткую пазіцыю, заявіўшы, што Пуцін «кпіў з міратворчых намаганняў Трампа».
Пытанне рэакцыі НАТА застаецца адкрытым. Краіна задзейнічала артыкул 4, які прадугледжвае каардынацыю калектыўнага адказу саюзнікаў на пагрозы бяспецы.