BE RU EN

«Ніякія Мураўейкі не выратуюць»

  • 11.09.2025, 12:08

Любая з версій атакі дронаў на Польшчу — не на карысць Лукашэнкі.

Беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі піша для «Позiрка» аб уварванні 19 расійскіх дронаў на тэрыторыю Польшчы, што адбылося 10 верасня:

— Можна дакладна сказаць вось што: ці быў кіраўнік Беларусі саўдзельнікам гэтай начной атакі, ці яго нават не спыталі — любая з гэтых версій не на карысць Лукашэнкі.

У першым выпадку ён сапраўды паўстае стопрацэнтнай марыянеткай Пуціна. Бо Лукашэнку цяпер асабліва не да месца правакаваць палякаў і іншых натоўцаў. Якраз завязаўся дыялог з Вашынгтонам, сам Дональд Трамп патэлефанаваў, замаячыла надзея пазбавіцца ад зашморгу санкцый і г.д. І тут даводзіцца станавіцца пешкай у крэмлёўскай гульні з агнём.

У другім выпадку, калі Пуцін, не пытаючыся, праз галаву саюзніка (і ў пераносным, і ў прамым сэнсе), пульнуў па Польшчы, Лукашэнка таксама не выглядае сур'ёзным палітычным суб'ектам. Атрымаецца, што «старэйшы брат» яго ні ў што не лічыць.

І зусім блага будзе, калі Крэмль, завёзшы ў Беларусь сваю ядзерную зброю і «Арэшнік», у нейкі момант захоча пульнуць гэтым, куды больш страшным, чым дроны, зброяй з беларускай тэрыторыі па натоўскіх супастатах. Тады ніякія Мураўейкі не выратуюць ад жорсткай адплаты.

Апошнія навіны