BE RU EN

Bloomberg: Польшча папрасіла саюзнікаў аб дадатковых сістэмах СПА пасля расійскай атакі дронамі

  • 11.09.2025, 10:09

У адказ ужо атрыманы канкрэтныя прапановы.

Польшча папрасіла саюзнікаў аб дадатковых сістэмах супрацьпаветранай абароны і тэхналогіях супрацьдзеяння дронам, каб лепш абараніць сваю тэрыторыю ад расійскіх нападаў, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, Варшава раіцца з саюзнікамі па НАТА наконт дадатковай дапамогі, аднак перамовы праходзяць за зачыненымі дзвярыма.

Міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі назваў атакі дронаў «небяспечнымі, неабачлівымі, беспрэцэдэнтнымі» і паведаміў, што яго ўрад ацэньвае варыянты адказу на запыт Польшчы. Адзін з іх можа прадугледжваць вяртанне прынамсі часткі з шасці знішчальнікаў Typhoon, якія раней былі разгорнутыя ў Польшчы ў межах місіі НАТА па патруляванні паветранай прасторы.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск таксама напісаў у X, што падчас размоў з лідарамі Францыі, Вялікабрытаніі, Украіны, Італіі, Германіі і Нідэрландаў ён «атрымаў не толькі выказванне салідарнасці з Польшчай, але і канкрэтныя прапановы падтрымкі паветранай абароны» краіны.

Праўда, як піша выданне, саюзнікам можа быць складана прадаставіць больш перадавыя сістэмы, такія як Patriot. Намеснік міністра абароны Германіі Енс Плётнер заявіў, што, улічваючы «разбуральныя налёты расійскай арміі на Украіну», гэтыя сістэмы цяпер найлепш размясціць менавіта там.

«Гэта не азначае, што мы ўхіляемся ад сваёй адказнасці абараняць НАТА», — дадаў ён.

Старэйшы дыпламат адной з краін НАТА заявіў, што атака дронамі на Польшчу была свядомай, улічваючы вялікую колькасць БПЛА, якія перасеклі польскую мяжу. Паводле яго, адной з тактык Расіі магло быць падштурхоўванне саюзнікаў перакінуць больш сістэм Patriot у Польшчу і тым самым адцягнуць іх ад Украіны.

Апошнія навіны