Польшча ўвяла яшчэ адно абмежаванне ўздоўж мяжы з Беларуссю
- 11.09.2025, 13:14
Яно будзе дзейнічаць да 9 снежня.
Па запыце Аперытыўнага камандавання Узброеных Сіл Польшчы з 10 верасня з 22:00 да 9 снежня будзе ўведзена абмежаванне паветранага руху ва ўсходняй частцы Польшчы ўздоўж межаў Польшчы з Беларуссю і Украінай, паведамляе TVN24 са спасылкай на Польскае агенцтва паветранай навігацыі (PAŻP).
Абмежаванне ўведзена з меркаванняў дзяржаўнай бяспекі ў адпаведнасці з пастановай міністра інфраструктуры аб абмежаванні палётаў на тэрмін не больш за тры месяцы.
У паведамленні PAŻP адзначана, што па запыце Аператыўнага камандавання відаў Узброеных Сіл з 10 верасня з 22:00 да 9 снежня да 23:59 уводзіцца абмежаванне паветранага руху ва ўсходняй частцы Польшчы ў выглядзе абмежаванай зоны EP R129.
Згодна з прадстаўленым PAŻP графікам, зона EP R129 ахоплівае ўсю мяжу з Беларуссю і Украінай.
Выключэнні з абмежаванняў
Агенцтва падкрэсліла, што ад заходу да ўсходу сонца ў зоне EP R129 дзейнічае поўная забарона на палёты, за выключэннем ваенных паветраных суднаў. Акрамя таго, у зоне дзейнічае кругласутачная забарона на палёты грамадзянскіх беспілотных паветраных суднаў.
У паведамленні адзначаецца, што пасля ўзгаднення з дзяжурнай аператыўнай службай Цэнтра паветраных аперацый – Камандавання паветранага кампанента (DSO COP-DKP) па тэлефоне 261 828 202 могуць быць дазволены палёты дзяржаўнага авіяцыйнага транспарту і авіяцыйнай хуткай дапамогі, а таксама палёты, што выконваюцца з мэтай аказання дапамогі ў выпадках пагрозы жыццю або здароўю людзей ці жывёл, «у тым ліку, у прыватнасці, падчас стыхійных бедстваў, катастроф, экалагічных пагроз або надзвычайных сітуацый». Акрамя таго, могуць быць дазволены палёты, звязаныя з абаронай і кантролем крытычна важнай інфраструктуры.
PAŻP падкрэсліла, што ўваход паветраных суднаў, якія не адпавядаюць крытэрыям выключэння, у актыўную зону з’яўляецца парушэннем палажэнняў Закона аб авіяцыі.
Рашэнне было прынята пасля таго, як у ноч з аўторка на сераду, падчас нападу Расійскай Федэрацыі на Украіну, паветраная прастора Польшчы была неаднаразова парушаная дронамі.