Байцы ГУР паразілі карабель Чарнаморскага флоту РФ пад Новарасійскам
- 11.09.2025, 8:48
У Расіі ўсяго чатыры такія судны.
У акваторыі Чорнага мора спецназаўцы Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны Украіны высачылі і атакавалі ваенную мэту дзяржавы-агрэсара Расіі — карабель праекта шматфункцыянальных суднаў MPSV07 са складу варожага Чарнаморскага флоту.
Пра гэта ў чацвер, 11 верасня, паведамілі у ГУР МА.
«У момант атакі спецназаўцаў ГУР варожы карабель ажыццяўляў радыёэлектронную разведку і патруляваў падыходы да бухты Новарасійска, дзе агрэсар «прапісаў» рэшткі свайго Чарнаморскага флоту», — гаворыцца ў паведамленні ГУР.
Дакладны ўдар байцы ГУР нанеслі баявым беспілотнікам украінскай вытворчасці ў раён мастка кіравання, дзе, у прыватнасці, размешчана абсталяванне навігацыі і сувязі карабля.
Адзначаецца, што паражэнне адбылося 10 верасня. Гэты карабель расіяне ўвялі ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Яго кошт — каля 60 мільёнаў долараў. Усяго ў расійскіх акупантаў ёсць чатыры такія судны, паведамілі ўкраінскія выведнікі.
Карабель праекта MPSV07 абсталяваны водалазнымі комплексамі, тэлекіраванымі апаратамі, гідралакатарам бакавога агляду, сродкамі РЭР. Можа выкарыстоўвацца для абследавання дна. Магутнасць судна складае каля 4 МВт.