BE RU EN

У Парыжы знайшлі карціну Рубэнса, якая лічылася страчанай 400 гадоў

  • 10.09.2025, 21:41

Карціна «Хрыстос на крыжы» была напісана ў 1613 годзе.

У адным з асабнякоў Парыжа выявілі карціну знакамітага фламандскага мастака Пітэра Паўля Рубэнса «Хрыстос на крыжы», якая лічылася страчанай больш за 400 гадоў, піша AFP (цытата паводле Franceinfo.fr).

Напісаны ў 1613 годзе шэдэўр знік у тым жа годзе і быў знойдзены праз 411 гадоў — у верасні 2024 года падчас інвентарызацыі і продажу прыватнага асабняка ў шостым акрузе Парыжа, распавёў AFP Жан-П’ер Осена, прэзідэнт аднайменнага аўкцыённага дома.

«Карціна Рубэнса, якая ніколі не сустракалася на рынку, галоўнае адкрыццё для гісторыі мастацтва, шэдэўр, забыты на стагоддзі <...> стане цэнтральным элементам важнага распродажу старадаўніх карцін 30 лістапада», — гаворыцца ў публікацыі аўкцыённага дома Osenat у Facebook.

Осена адзначыў, што карціна была напісаная Рубэнсам «на піку яго таленту». На ёй намаляваны распяты Хрыстос на фоне цёмнага навальнічнага неба. За Галгофай адкрываецца від на Ерусалім.

Карціна «з’яўляецца сапраўдным вызнаннем веры і ўлюбёным сюжэтам для Рубэнса, пратэстанта, які прыняў каталіцызм», — адзначыў Осена, удакладніўшы, што праца знаходзіцца ў «вельмі добрым стане». Памер карціны — 105,5 на 72,5 см. Паводле слоў ацэншчыка, праца прызначалася для прыватнага калекцыянера.

Аўтэнтычнасць карціны пацвердзіў прафесар Нільс Бюттнер, спецыяліст па нямецкім, фламандскім і галандскім мастацтве XV і XVI стагоддзяў і прэзідэнт Rubenianum — арганізацыі ў Антвэрпэне, якая займаецца вывучэннем прац Рубэнса. Было праведзена некалькі экспертыз, у тым ліку з дапамогай рэнтгенаўскіх прамянёў і аналізу пігментаў.

Акрамя таго, па гравіроўцы ўдалося адсачыць, што карціна належала мастаку XIX стагоддзя Уільяму Бугро, а потым уладальнікам парыжскага асабняка, дзе яе і знайшлі.

Апошнія навіны