У Польшчу ляціць кіраўнік кітайскай дыпламатыі
- 10.09.2025, 16:13
Візіт адбудзецца на тле закрыцця польска-беларускай мяжы.
Міністр замежных спраў Кітая Ван І з 12 па 16 верасня ажыццявіць візіты ў Аўстрыю, Славенію і Польшчу.
Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Кітая Лін Цзянь, мэта паездкі — умацаванне супрацоўніцтва і абмеркаванне ключавых пытанняў двухбаковых адносін і міжнароднай сітуацыі. Сустрэча з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім запланавана на 15 верасня, паведамляе rmf24.pl.
Візіт кітайскага дыпламата ў Польшчу супадае з перыядам падвышанай напружанасці на ўсходняй мяжы краіны. У гэты ж час праходзяць расійска-беларускія ваенныя манеўры «Захад-2025», якія польскія ўлады называюць «агрэсіўнымі». У адказ на вучэнні ўрад у Варшаве прыняў рашэнне аб поўным закрыцці мяжы з Беларуссю, уключна з аўтамабільнымі і чыгуначнымі зносінамі.
Малашэвічы, асноўны пункт уезду для кітайскіх грузавых цягнікоў у Еўрапейскі Саюз, адыгрываюць важную ролю ў гандлі паміж Кітаем і Еўропай. Каля 90% перавозак у межах ініцыятывы China Railway Express праходзяць праз Польшчу або прыбываюць сюды.