Эфіопія прадставіла найбуйнейшую ГЭС у Афрыцы
- 10.09.2025, 1:04
Егіпет і Судан выказалі занепакоенасць, бо плаціна ўплывае на іх водазабеспячэнне.
Гіганцкую ГЭС «Вялікае Эфіопскае Адраджэнне» на Блакітным Ніле афіцыйна адкрылі ў Эфіопіі ў аўторак, 9 верасня. Яна цяпер з'яўляецца найбуйнейшай у Афрыцы гідраэлектрастанцыяй. Пра гэта паведамляе брытанскае выданне The Guardian.
Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася ў Губе, на ёй прысутнічаў прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед, а таксама прэзідэнты Самалі, Джыбуці і Кеніі.
Будаўніцтва гідраэлектрастанцыі выклікала шматгадовую варожасць Эфіопіі з Егіптам і Суданам.
Узведзенне каскаду з трох плацін пачалося ў 2011 годзе. На будаўніцтва аб'екта, паводле ацэнак экспертаў, выдаткавана каля 5 млрд долараў.
Егіпет і Судан выказалі занепакоенасць, бо плаціна ўплывае на іх водазабеспячэнне: каля 90% прэснай вады Егіпет атрымлівае з Ніла, і любыя змены сцёку ўяўляюць для краіны стратэгічную рызыку.
Шматбаковыя перамовы паміж Эфіопіяй, Егіптам і Суданам спачатку вяліся на тэхнічным узроўні, пасля з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і міжнародных пасярэднікаў, уключаючы Афрыканскі саюз, ЗША і Сусветны банк, аднак дамовіцца не ўдалося.