З малатка прадаюць калекцыю карцін Віктара Бабарыкі
- 1.09.2025, 21:54
Кошт — больш за 344 тысячы рублёў.
З малатка прадаюць 19 твораў мастацтва з калекцыі Віктара Бабарыкі на 344 тысячы рублёў. Аб'явы апублікаваныя на сайце «БелЮрЗабеспячэння», як заўважыла «Зеркало» (https://news.zerkalo.io/economics/107654.html?_gl=1*esy54c*_ga*MjIwNzYyNTMzLjE2MjU3NTUwNTc.*_ga_B8LJ3JQEWY*czE3NTY3NDQ3NzIkbzMyMDAkZzEkdDE3NTY3NTIxMjQkajYwJGwwJGgw*_ga_QGQLCMX5PS*czE3NTY3NDQ3NzIkbzI0NyRnMSR0MTc1Njc1MjEyNCRqNjAkbDAkaDA.).
Найтаннейшыя лоты — гэта пяць гравюр з выдання Old and New London — A Narrative of its History, its People and its Places («Стары і Новы Лондан: аповед пра яго гісторыю, людзей і мясціны») канца XIX стагоддзя. Пачатковая цана продажу кожнай з іх — 165 рублёў.
Найдарожшы лот — твор «Арлекін» французска-польскага мастака Яўгена Зака. Яго выставілі па стартавай цане 99 312 рублёў.
Іншы твор таго ж аўтара «Букет кветак» прадаюць з малатка па цане ад 66 208 рублёў.
«Пейзаж» Міхаіла Кікоіна выставлены за 56 277 рублёў. Яго ж «Яблыні» — за 49 656.
Ёсць сярод арыштаваных карцін і праца мастака Парыжскай школы з Беларусі — Осіпа Любіча. Яго карціну «Тэатральная ложа», напісаную прыкладна ў 1925 годзе, з калекцыі Віктара Бабарыкі выставілі па цане ад 19 862 рублёў.
Агульны пачатковы кошт усіх твораў мастацтва — каля 344 тысяч рублёў. Аднак калі знойдуцца ахвотныя набыць іх на аўкцыёне 8 кастрычніка, цана продажу будзе вышэйшая.
Хутчэй за ўсё, гэтыя карціны з прыватнай калекцыі Бабарыкі. Нагадаем, дзякуючы экс-банкіру ў «Белгазпрамбанка» з'явілася ўласная мастацкая калекцыя. Натхніўшыся прыкладам замежных банкаў, ён на пачатку 2010-х пачаў збіраць працы мастакоў, звязаных з Беларуссю. Мэтаю было вярнуць у краіну імёны, якіх няма ў музейных зборах, — ад Суціна і Шагала да менш вядомых аўтараў накшталт Бакста. Калекцыя вырасла з ідэі «вярнуць страчанае мастацтва» і стала буйным культурным праектам.