BE RU EN

Кіраўнік Народнага Фронту Азербайджана: Паўднёвы Каўказ адыходзіць ад Масквы і рухаецца ў бок Захаду

  • 9.08.2025, 13:04

Лідар азербайджанскай апазіцыі ацаніў значэнне пагаднення з Арменіяй, падпісанага ў Вашынгтоне.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян 8 жніўня ў Белым доме падпісалі супольную дэкларацыю аб спыненні баявых дзеянняў.

Што гэтая падзея азначае для краінаў Паўднёвага Каўказу і ў глабальным геапалітычным кантэксце?

Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з адным з лідараў азербайджанскай апазіцыі, кіраўніком партыі Народнага Фронту Азербайджана Алі Керымлі:

– Сустрэча Аліева і Пашыняна ў Вашынгтоне пры пасярэдніцтве прэзідэнта Трампа, парафіраванне мірнага пагаднення паміж Азербайджанам і Арменіяй, а таксама падпісанне супольнай заявы аб прыхільнасці да міру, несумненна, сур'ёзна наблізілі абедзве краіны да міру.

На жаль, само мірнае пагадненне паміж Азербайджанам і Арменіяй і на гэты раз падпісанае не было. Адсутнасць канчатковай мірнай дамовы паказвае на тое, што пагрозы міру па-ранейшаму застаюцца актуальнымі.

Тым не менш, мяркую, што і супольная заява, падпісаная Аліевым і Пашынянам пры ўдзеле прэзідэнта Трампа, ускладае на бакі сур'ёзныя абавязальніцтвы не парушаць мір.

Акрамя таго, быў дасягнуты кампраміс і ў пытанні «Зангезурскага калідора» – ключавога пункта, які да апошняга часу з'яўляўся асноўнай прычынай рознагалоссяў паміж Азербайджанам і Арменіяй і датычыўся забеспячэння сувязі паміж асноўнай тэрыторыяй Азербайджана і эксклавам – Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспублікай.

Паводле дасягнутай дамоўленасці, «Маршрут Трампа ў імя міжнароднага міру і росквіту» (па-ангельску – TRIPP) павінен забяспечыць бяспечную камунікацыю паміж асноўнай часткай Азербайджана і Нахічэванам, не парушаючы тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі.

Нагадаю, што Расея вельмі хацела, каб кантроль над камунікацыямі, якія праходзяць праз тэрыторыю Арменіі, ажыццяўляла менавіта расейская ФСБ. Да нядаўняга часу на гэтым жа настойваў і Аліеў.

Далейшае збліжэнне Азербайджана і Арменіі на шляху да міру, прычым пры пасярэдніцтве прэзідэнта Трампа ў Вашынгтоне, а таксама гатоўнасць да таго, каб кантроль над важнымі камунікацыямі, якія праходзяць праз Арменію, ажыццяўлялі не структуры расейскай ФСБ, а амерыканскія кампаніі, несумненна, аслабляюць ролю Расеі на Паўднёвым Каўказ. Гэта таксама сведчыць, што рэгіён, няхай павольна і з супрацівам, але ўсё ж рухаецца ў бок Захаду.

У Маскве, безумоўна, незадаволены падзеямі ў Вашынгтоне. Аднак праз доўгую і знясільвальную вайну з Украінай рэсурсы Расеі на сёння значна знясіленыя, а яе магчымасці ўплываць на сітуацыю ў Паўднёвым Каўказе прыкметна знізіліся.

Таму спадзяюся, што рэваншысцкія спробы Расеі ў рэгіёне не прынясуць выніку, і Паўднёвы Каўказ прадоўжыць дыстанцыявацца ад Масквы.

Трэба падкрэсліць, што Азербайджан застаецца адной з найбольш аўтарытарных краінаў рэгіёну. Свабодная прэса ў краіне знішчаная, грамадзянская супольнасць і апазіцыя знаходзяцца пад жорсткімі рэпрэсіямі. Цяпер у Азербайджане налічваецца 375 палітычных зняволеных. Выбары цалкам ператварыліся ў фармальнасць – народ пазбаўлены магчымасці свабодна абіраць і мяняць уладу. Аднак сёння ў грамадстве існуе пэўная надзея, што дасягненне міру паміж Азербайджанам і Арменіяй, а таксама выхад нашага рэгіёну з арбіты расейскага ўплыву і ягонае збліжэнне з Захадам створаць перадумовы для пачатку працэсу дэмакратызацыі ў краіне.

Самаадданы супраціў ўкраінскага народа наносіць удар па імперскіх амбіцыях Расеі, і з гэтым мяняюцца як свет, так і Паўднёвы Каўказ.

Апошнія навіны