BE RU EN

У Менску затрымалі 70 мігрантаў і сужэнцаў, якія дапамагалі ім

  • 9.08.2025, 11:30

У затрымання задзейнічалі спецатрады ўнутраных войскаў.

Раскрытая схема нелегальнай міграцыі – у Менску затрыманы 70 мігрантаў і сужэнцаў, якія дапамагалі ім, паведамілі ў МУС.

ГУБАЗіК МУС паведаміў, што «ў сталіцы затрыманыя раней асуджаныя муж і жонка, а таксама 70 нелегалаў». У затрымання задзейнічалі спецатрады ўнутраных войскаў – на відэа ўзброеныя людзі са спецыяльным шчытом кладуць на зямлю жыхара прыватнага дома.

Сілавікі заявілі, што 43-гадовая жанчына і 44-гадовы мужчына з траўня да ліпеня «прапаноўвалі дапамогу грамадзянам трэціх краінаў у незаконным уездзе і знаходжанні на тэрыторыі Беларусі». За свае паслугі атрымлівалі ад 50 да 100 даляраў з кожнага кліента.

«Іншаземцы выкарыстоўвалі тэрыторыю нашай краіны для часовага пражывання і нелегальнага працаўладкавання, а таксама для далейшага руху ў краіны Еўразвязу, – паведамілі ў МУС. – Вызначаюцца іншыя ўдзельнікі супрацьпраўнай дзейнасці».

Распачатая крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі. Усе фігуранты знаходзяцца ў ІЧУ, ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Нелегальных мігрантаў чакае выправаджэнне з краіны.

Апошнія навіны