BE RU EN

З Беларусі вывозяць усё больш валюты з дапамогай папулярнага выкруту

  • 9.08.2025, 16:10

Мытня заінтрыгавала падрабязнасцямі.

Беларускія мытнікі фіксуюць значны рост спробаў незаконна перавезці валюту праз мяжу з Польшчай. Схема, якой усё часцей карыстаюцца парушальнікі, простая: буйны памер гатоўкі перадаюць некалькім людзям, каб кожны з іх фармальна не перавышаў дазволены парог. Але на практыцы гэта ўсё роўна ўважаецца за незаконнае перамяшчэнне, расказалі ў Мытным камітэце.

Паводле звестак Берасцейскай мытні, з пачатку года выяўлена больш за 420 такіх выпадкаў – на 67% больш, чым за ўвесь мінулы год. Толькі ў ліпені да адказнасці змусілі 154 чалавекі. Многія з іх спасылаліся на «няведанне заканадаўства», хоць у пунктах пропуску ёсць наглядныя інструкцыі, а мытнікі дадаткова папярэджваюць аб правілах.

Адзін з апошніх эпізодаў адбыўся ў пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай. Грамадзянка Украіны, пасажырка аўтобуса, выбрала «зялёны калідор», але пры надглядзе ў яе знайшлі 16 тысячаў даляраў і 9,4 тысячы еўраў. Паводле закону можна правозіць да 10 тысяч даляраў без пісьмовага дэкларавання, таму жанчыну аштрафавалі і канфіскавалі лішак – больш за 10 тысячаў даляраў у эквіваленце.

Заканадаўства патрабуе, каб грошы больш за 10 тысячаў даляраў у эквіваленце былі задэклараваныя пісьмова, а пры перавозцы больш за 100 тысячаў трэба дадаткова пацвердзіць паходжанне грошай.

Штраф за недэклараванне складае ад 5 да 30 базавых велічыняў, магчымая канфіскацыя. Калі ж памер перавышае 30 тысячаў даляраў, справа ўжо трапляе пад крымінальны артыкул аб кантрабандзе грошай гатоўкай (ч. 2 арт. 228 КК) і парушальніку пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны