BE RU EN

Андрэй Саннікаў: Нам трэба будзе закончыць гэтую рэвалюцыю

  • 9.08.2025, 12:25

У 2020 годзе Лукашэнка ўбачыў свой канец.

9 жніўня 2020 года – дзень, калі беларускі народ сказаў дыктатуры «не». Прайшло роўна пяць гадоў з пачатку рэвалюцыйных падзей, але энэргія тых дзён прадаўжае жыць – у салідарнасці, супраціве, барацьбе.

У чым значнасць гэтых пратэстаў для гісторыі Беларусі? Ці маглі падзеі развівацца інакш? Што рабіць беларусам сёння? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым :

– Як Вы ацэньваеце значэнне падзей жніўня 2020 года ў гісторыі Беларусі? Сёння можна пачуць галасы, што рэвалюцыя была заўчаснай, непадрыхтаванай. Што Вы адказалі б на падобныя думкі?

– Гэта падзея гістарычнага значэння, рэвалюцыя 2020 года. Меркаванні, што яна была стыхійнай, выпадковай, нечаканай, якія сёння актыўна распаўсюджваюць праўладныя медыя і «новабеларускія» групкі, – гэта не проста лухта, гэта распрацоўка спецслужбаў. Акрамя таго, гэта непавага да герояў пратэстаў, грэблівае стаўленне да іх адвагі і самаахвяравання.

Я проста хачу нагадаць тое, пра што гаварыў не раз, бо наша каманда якраз займалася падрыхтоўкай гэтых падзеяў.

Рэвалюцыю 2020 года мы разглядзелі яшчэ ў 2017 годзе, калі па ўсёй краіне прайшлі «маршы дармаедаў» пасля ўказу Лукашэнкі. Гэтыя пратэсты прымусілі яго адкласці закон. Яны паказалі, што народ абураны не толькі самім указам, але і ўладай у цэлым.

Далей нашай камандай была прынятая пастанова ўдзельнічаць у так званых «парламенцкіх выбарах» 2019 года – каб замерыць грамадскія настроі. Мы, вядома, не планавалі рэальнага ўдзелу, бо ніякіх выбараў у Беларусі даўно няма. Адразу было дамоўлена паміж усімі, хто ішоў кандыдатамі ад «Еўрапейскай Беларусі», што яны здымуць свае кандыдатуры. Так і зрабілі. Тыя падзеі пацвердзілі, што народ ужо закіпае, і пункт кіпення павінен прыйсціся на 2020 год – калі Лукашэнка абвесціць «прэзідэнцкія выбары».

Нашым кандыдатам быў Мікола Статкевіч, які і пачаў рэвалюцыю 2020 года разам з Сяргеем Ціханоўскім. Выйшаўшы з турмы, Ціханоўскі пацвердзіў, што без Статкевіча яго не было б.

Нам усё яшчэ трэба закончыць гэтую рэвалюцыю.

– Чаго змаглі дамагчыся беларусы летам 2020 года? Што мы, праз пяць гадоў, можам запісаць у плюс?

– Улетку 2020 года беларусы прадэманстравалі ўсяму свету – не толькі сабе, не толькі жыхарам і грамадзянам Беларусі, але і ўсяму свету – што, нягледзячы на ціск, нягледзячы на рэпрэсіі не толькі супраць людзей, але нават супраць сімвалаў дзяржавы – сцяга, герба – нягледзячы на навязванне саўковых уяўленняў і выродлівай сімволікі, нягледзячы на дыктатуру Лукашэнкі як часткі «расейскага свету», Беларусь жывая і незалежная. Сапраўдная Беларусь. Беларусь як спадчынніца ВКЛ са сваёй «Пагоняй» і «бел-чырвона-белым сцягам».

Гэта было, мусіць, галоўнае дасягненне. Бо хачу нагадаць, што наваяўленыя «новабеларускія» лідары заклікалі не выходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі, не раздражняць дыктатара і Расею. На гэты заклік народ адказаў морам сцягоў. І гэтае мора пералілося праз межы Беларусі і разлілося па ўсім свеце. Пасля столькіх гадоў антынароднага рэжыму Беларусь ізноў ва ўвесь голас заявіла пра сябе не як саўковая, лукашысцкая, а як абсалютна жывая краіна з багатай гісторыяй, вартая незалежнасці, дэмакратыі і еўрапейскай будучыні.

Гэта галоўнае. І гэта нікуды не сышло. Сёння за гэта апрычнікі пераследуюць нават больш жорстка, чым раней. І гэта, на жаль, паказнік таго, што мерцвячына па-ранейшаму спрабуе знішчыць усё жывое.

Але 2020 год прыадкрыў найлепшыя якасці беларусаў, нашу здольнасць спачуваць і дапамагаць блізкаму як сабе самому. І гэта застаецца з намі як «зернейка» Максіма Багдановіча, якое абавязкова прарасце, трапіўшы ў родную зямлю.

– Якія галоўныя памылкі былі дапушчаныя ў 2020 годзе – як унутры краіны, так і з боку знешніх гульцоў? Ці магла гісторыя пайсці паводле іншага сцэнару?

– На жаль, наша застарэлая памылка ў тым, што мы ўпускаем вызначальныя моманты, не дакручваем іх да канца. У 2020-м годзе, напрыклад, купка крыкуноў змагла спыніць паход на Акрэсціна. Калі б тады пайшлі да ІЧУ на Акрэсціна і проста акружылі турму – без якіх-небудзь радыкальных дзеянняў – я думаю, што можна было б вызваліць палітвязняў, якія там знаходзіліся.

Бездапаможныя паводзіны каля тэлевізіі – таксама. Не абавязкова было ўваходзіць у будынак. Трэба было арганізоўваць прамую трансляцыю мітынгу ля будынку ТБ. Пры сучасных тэхналогіях гэта – раз плюнуць. Такія вызначальныя моманты былі ўпушчаныя, таму што не было людзей, якія маглі б узяць на сябе лідарства і адказнасць.

Сёння, праз пяць гадоў, абавязкова трэба падрабязна разабрацца ў тым, што і як тады адбывалася, і чаму мы сёння ў яшчэ глыбейшай яме, чым тады. У нас ёсць даволі інфармацыі, хто і як імкнуўся спыніць пратэсты. Гэта і рэжым і група «новабеларускіх», якія з дапамогай заходніх фондаў думаюць, што маюць права гаварыць ад нашага імя.

У гэтую кампанію я дадаў бы блогераў пад кіраваннем Франака, якія, седзячы за мяжой, ад душы пацяшаліся з таго, як пратэстоўцы выконвалі іх прыдуркаватыя каманды, шчыра думаючы, што яны зыходзяць ад нейкага дарослага штабу. Непавага да людзей, да актывістаў, да грамадзянаў, якія знаходзіліся ўнутры краіны, былі фірмовым знакам самазванцаў, якія ўцяклі з краіны. Спроба знешняга кіравання – з боку людзей або падкупленых, або завербаваных, або проста дурнаватых – прывяла да сумных наступстваў.

Ну, і, вядома, не варта забывацца на баязлівасць Захаду, які чарговы раз не захацеў прыняць катэгарычныя і тэрміновыя захады ў дачыненні да дыктатара Лукашэнкі, нават пасля забойстваў мірных дэманстрантаў у Беларусі.

На жаль, так бывае: мы разам даводзім сітуацыю да пункту кіпення, а ў вызначальны момант чагосьці бракуе, каб давесці да канца, і КДБ перахапляе ход падзей з дапамогай агентуры.

Але гэта яшчэ адзін досвед, які набліжае нас да перамогі над калгасным злом. У 2020-м годзе Лукашэнка на свае вочы ўбачыў, як яго ненавідзяць у Беларусі, ён убачыў свой канец. Таму і саджае сёння людзей кожны дзень, каб заглушыць гэты жах і нейтралізаваць гэтую ўсенародную нянавісць. Нічога не атрымаецца. Для лукашысцкай сямейкі і хунты ўсё паўторыцца больш жорстка і канчаткова.

– Што рабіць беларусам сёння – як унутры краіны, так і за яе межамі?

– Сёння не варта патрабаваць ад беларусаў унутры краіны нейкай рызыкоўнай палітычнай актыўнасці. У Беларусі сёння канцлагер. А ў канцлагеры, як вядома, немагчымыя непадрыхтаваныя і бессэнсоўныя пратэсты.

Трэба берагчы сябе, берагчы сем'і. Дапамагаць палітвязням. Гэта наш святы абавязак – перад усімі тымі, хто цяпер у турмах. Не забывайцеся, што іх не некалькі сотняў, як сцвярджаюць «праваабаронцы», а блізу дзесяці тысячаў. Самі ўлады называлі страшную колькасцсь – больш за сто тысячаў «нядобранадзейных», якія ў любы момант могуць быць арыштаваныя. Дзясяткі тысячаў ужо прайшлі праз турмы і сядзяць сёння.

Калі гаварыць пра галоўную задачу – гэта вызваленне людзей з турмаў. Для гэтага патрэбны знешні ціск. Усе гэтыя размовы «давайце з Лукашэнкам пагаворым» – ну, пагаварыце. Ужо дагаварыліся: людзей забіваюць, і гэта ўсё сыходзіць дыктатару з рук.

2020 год – сапраўды знакавы. Ён паказаў, што мы здольныя на многае. Паказаў усяму свету, што Беларусь не вернецца ні ў «савок», ні ў «хаўрус з Расеяй». Паказаў, што Расея – вораг. Вораг усяго, што адбываецца стваральнага на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, ды і не толькі – у Еўропе таксама.

У 2020 годзе мы атрымалі бясцэнны досвед барацьбы. І я ўпэўнены: гэтае дужанне скончыцца нашай Перамогай. Я ў гэтым не сумняваюся.

Апошнія навіны