BE RU EN

«Жанчына выпала за борт, муж паспрабаваў выратаваць яе»

  • 7.08.2025, 10:23

МЗС расказаў падрабязнасці гібелі беларускі ў Бураціі.

МЗС пацвердзіў факт гібелі грамадзянкі Беларусі ў выніку няшчаснага выпадку, які адбыўся ў расейскай Бураціі. Там расказалі падрабязнасці здарэння.

«Паводле папярэдніх звестак, група з пяці беларускіх турыстаў здзяйсняла сплаў па рацэ. У лодцы знаходзілася шлюбная пара. Жанчына выпала за борт, муж паспрабаваў выратаваць яе, скокнуўшы ў ваду, але, на жаль, выратаваць яе не ўдалося. Мужчына самастойна выбраўся на бераг», — распавялі ў МЗС.

Астатнія чальцы групы не пацярпелі. Беларускія турысты застаюцца на месцы пад наглядам ратавальнікаў.

Паводле інфармацыі МНС Расеі, на працягу бліжэйшых 36 гадзін плануецца эвакуацыя.

«МЗС і пасольства Беларусі ў Расейскай Федэрацыі знаходзяцца ў пастаянным кантакце з мясцовымі органамі ўлады, выратавальнымі службамі. Сітуацыя знаходзіцца на асаблівым кантролі», - падкрэслілі ў ведамстве.

Нагадаем, як паведамілі ў МНС Бураціі, двое беларусаў упалі ў ваду ў месцы зліцця рэк Кітой і Білюты. Цела загінулай жанчыны было знойдзена турыстамі, мужчыну знесла плынь. Пазней яго знайшлі жывым і ў прымальным стане.

Апошнія навіны