BE RU EN

У якім узросце лепш аддаваць дзіця ў школу

  • 6.08.2025, 21:14

У шэсць ці сем гадоў?

Недастаткова запісаць дзіця ў добрую школу, трэба, каб яно было гатовае атрымліваць веды, якія яму там даюць.

Які ж аптымальны ўзрост для паступлення ў першы клас?

Пра гэта расказала загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Астроўская, піша агенцтва «Менск-Навіны».

На думку спецыялісткі, шасцігодкі больш складана адаптуюцца да школы. Ім цяжэй канцэнтравацца, яны менш уседлівыя і горш матываваныя на вучобу.

Сямігодкі псіхалагічна больш сталыя – ім прасцей вытрымліваць вучэбную нагрузку і выконваць дысцыпліну.

Што кажуць даследаванні

Спецыялісты Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта правялі даследаванні і высветлілі, што толькі 32% першакласнікаў былі поўнасцю гатовыя да школы. У астатніх гульнявыя матывы пераважалі над навучальнымі.

Кожны чацвёрты адчуваў цяжкасці ў зносінах з аднакласнікамі. Амаль палова – адчувалі трывогу, напружанне і няўпэўненасць у сабе.

Як адзначыла лекарка, большасць дзяцей прывыкаюць да школы без праблемаў. Аднак у некаторых узнікаюць складанасці праз завышаныя патрабаванні з боку настаўнікаў і бацькоў, стрэсы і перагрузкі.

Як вызначыць гатоўнасць дзіцяці

Гатоўнасць дзіцяці да школы ацэньвае медыка-педагагічная камісія (двойчы – за год да паступлення ў першы клас і непасрэдна перад паступленнем).

У будучага першакласніка мусіць быць так званая школьная сталасць. Сярод іншага, добра развітое маўленне, багаты (у адпаведнасці з узростам) слоўнікавы запас. Таксама важна, каб дзіця паспяхова спраўлялася з праграмай навучання ў дзіцячым садку.

Біялагічны ўзрост патэнцыйнага школьніка павінен адпавядаць пашпартнаму або апярэджваць яго. Пажадана, каб дзіця было моцным: хварэла на ВРВІ не больш як тры разы на год.

Канчатковая пастанова заўсёды застаецца за бацькамі, але важна браць да ўвагі рэкамендацыі адмыслоўцаў.

Апошнія навіны