Прэм'ер Швецыі патрапіў у скандал праз прызнанне аб ChatGPT
- 6.08.2025, 9:59
Палітыка крытыкуюць за выкарыстанне сервісу ў працы.
Прэм'ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан апынуўся пад шквалам крытыкі пасля прызнання, што часта звяртаецца да штучнага інтэлекту для атрымання "іншага меркавання" ў працы ўрада.
Як піша The Guardian, у інтэрв'ю Dagens industri палітык расказаў, што ChatGPT і LeChat дапамагаюць яму з альтэрнатыўнымі поглядамі. "Я выкарыстоўваю гэтыя сэрвісы даволі часта - нават проста, каб пачуць іншае меркаванне. Паглядзець, што рабілі іншыя, і ці варта нам думаць інакш", - сказаў прэм'ер.
Гэтая заява выклікала хвалю крытыкі ў медыя і сярод экспэртаў. Газета Aftonbladet у рэдакцыйным артыкуле раскрытыкавала прэм'ера, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён "упаў у пастку AI-псіхозу алігархаў".
Даследчыца ў галіне кібербяспекі Сімона Фішэр-Гюбнер з Карлстадскага ўніверсітэта перасцерагла, што выкарыстанне штучнага інтэлекту для апрацоўкі нават базавай, але патэнцыйна канфідэнцыйнай інфармацыі з'яўляецца рызыкоўным. Прадстаўнік Крыстэрсана Том Самуэльсан у адказ адзначыў, што прэм'ер не перадае сістэмам ніякай крытычна важнай інфармацыі:
«Гаворка ідзе не пра звесткі ў бяспецы. Гэта хутчэй інструмент для арыентацыі - агульнага ўяўлення».
Зрэшты, іншыя эксперты застаюцца скептычнымі. Прафесар адказнага выкарыстання ШІ з Універсітэта Умеа Вірджынія Дыгнум адзначыла, што такія сістэмы не маюць уласнага меркавання, а толькі паказваюць бачанне іх распрацоўшчыкаў.
"Чым часцей палітык апіраецца на штучны інтэлект нават у простых задачах, тым большая імавернасць, што ён пачне пераацэньваць яго надзейнасць. Гэта небяспечная тэндэнцыя. Мы не галасавалі за ChatGPT. І павінны патрабаваць гарантый надзейнасці такіх сістэм", - дадала яна.