BE RU EN

Генпракурор Літвы: Дрон, які заляцеў з Беларусі, перавозіў выбухоўку

  • 5.08.2025, 20:16

Спецыялісты літоўскага войска паспяхова яго абясшкодзілі.

Дрон, які заляцеў з Беларусі і ўпаў у Літве, перавозіў два кілаграмы выбухоўкі. Пра гэта 5 жніўня на прэс-канферэнцыі заявіла генеральная пракурорка Літвы Ніда Грунскенэ, паведамляе LRT.

Ніда Грунскенэ адзначыла, што асноўная версія застаецца ранейшай – беспілотнік, які заляцеў у Літву і пасля ўпаў на палігоне Гайжунай, з'яўляецца дэзарыентаваным расейскім дронам.

«Паводле наяўных звестак можна меркаваць, што гэта “Гербера”», – заявіла генпракурорка.

Паводле словаў Грунскенэ, пасля агляду дрона, які ўпаў, было вызначана, што ён перавозіў выбухны зарад, які спецыялісты літоўскага войска паспяхова абясшкодзілі на месцы здарэння.

Міністарка нацыянальнай абароны Давіле Шакаленэ падкрэсліла, што пакуль расследаванне не закончанае, ніякія версіі не адкідаюцца.

Паводле словаў кіраўніцы абароннай установы, наконт гэтых інцыдэнтаў Літва звернецца да генеральнага сакратара NATO.

«Мы будзем прасіць пра размяшчэнне на нашай тэрыторыі дадатковых сілаў, нават калі яны будуць эксперыментальнымі, а таксама дамо ім [NATO] магчымасць трэніравацца, як можна дзейнічаць у зменлівых умовах», – сказала міністарка.

Нагадаем, 28 ліпеня паліцыя Літвы паведаміла пра нявызначаны тып беспілотнага лётнага апарата, які заляцеў у Літву з Беларусі. Паводле звестак Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі, дрон быў заўважаны на вышыні блізу 200 метраў, апошні раз яго бачылі недалёка ад Вільні.

Паліцыя задзейнічала ўсе сілы, і 1 жніўня апарат знайшлі на тэрыторыі палігона ў Ёнаўскім раёне – амаль у цэнтры краіны пад Каўнасам.

Аналагічны выпадак быў зафіксаваны 10 ліпеня. Тады беспілотны лётны апарат «Гербера», які заляцеў з Беларусі, парушыў паветраную прастору Літвы. Паводле звестак службаў, дрон не ўяўляў пагрозы. У сувязі з дронам, які парушыў паветраную прастору краіны, войска праводзіць расследаванне.

Апошнія навіны