Зяленскі сустрэўся з вайскоўцамі каля лініі фронту каля Харкава
- 4.08.2025, 20:11
Прэзідэнт Украіны наведаў у тым ліку Ваўчанскі кірунак.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з салдатамі каля лініі фронту ў Харкаўскай вобласці на паўночным усходзе краіны. Зяленскі на Ваўчанскім кірунку сустрэўся з вайскоўцамі 17-га асобнага мотапяхотнага батальёна 57-й брыгады. Пра паездку ўкраінскі лідар паведаміў у панядзелак, 4 жніўня ў сацсетцы X.
«Гаварылі з камандзірамі пра сітуацыю на перадавой, абарону Ваўчанска, дынаміку баёў», – адзначыў Зяленскі. «Асобна ўзнялі пытанне забеспячэння дронамі і іх ужывання, рэкрутынг і прамое фінансаванне брыгадаў», – дадаў ён. Паводле сцвярджэння Зяленскага, на гэтым кірунку фіксуецца ўдзел у баях на баку РФ наймітаў з Кітая, Таджыкістана, Узбекістана, Пакістана і краінаў Афрыкі.
Ваўчанск – горад у Чугуеўскім раёне Харкаўскай вобласці Украіны. Ён знаходзіцца прыкладна за пяць кіламетраў ад мяжы з РФ і быў амаль цалкам разбураны ў траўні 2024 года ў выніку масаваных нападаў Масквы, удакладніў Зяленскі.
Кіраўнік украінскай дзяржавы дадаў, што таксама паразмаўляў з 92-й асобнай штурмавой брыгады ў Харкаўскай вобласці.
«Байцы трымаюць няпросты адрэзак фронту – Ліпцы. Пагутарыў з камандзірамі», – адзначыў украінскі лідар, дадаўшы, што абмяркоўваў электронную сістэму налічэння балаў за знішчэнне вайскоўцаў УС РФ і іх тэхнікі.
Уладзімір Зяленскі ўдакладніў у Telegram, што 5 жніўня склікае Стаўку Вярхоўнага галоўнага камандзіра. «Мы ўсе змагаемся за адно – незалежнасць для Украіны», – дадаў прэзідэнт Украіны.
Раней мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ў ноч на 26 ліпеня па горадзе ўдарылі блізу 15 БПЛА тыпу Shahed, дзве балістычныя ракеты і чатыры кіраваныя авіябомбы. Пацярпелі пяць чалавек, сярод іх трое ратавальнікаў.
Кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў у сваю чаргу пісаў пра напад дронаў на горад Зміёў, там параненыя двое жыхароў.