Кім Чэн Ын выдасць новыя кватэры сем'ям жаўнераў загінулых за Пуціна
- 30.08.2025, 21:07
Аднак толькі абраным.
Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын паабяцаў «цудоўнае жыццё» сем'ям паўночнакарэйскіх жаўнераў, якія загінулі, змагаючыся на баку Расеі ў вайне супраць Украіны. Кім зладзіў патрыятычнае шоў, уручаючы бацькам і жонкам загінулых сцягі і іх партрэты.
«Характэрна, але ў сваёй прамове Кім ні разу не згадаў, дзе загінулі паўночнакарэйскія жаўнеры і з кім яны змагаліся. Гаворка ішла толькі пра Радзіму «за якую яны» аддалі жыццё», - піша KCNA.
Кім сустрэўся з сем'ямі салдат і выказаў «шкадаванне ў сувязі з тым, што не ўдалося выратаваць каштоўнае жыццё» загінулых мужчын, якія ахвяравалі сваім жыццём, абараняючы гонар краіны.
«У той момант, калі ім давялося ісці на смерць, у душы развітваючыся з усім, што так любілі, яны, як адзін, пакінулі цыдулкі, і зычылі Айчыне росквіту і крычалі «Няхай жыве Карэйская Народная Дэмакратычная Рэспубліка!» у астатнія хвіліны жыцця. Так сыходзячы з жыцця, яны не пакідалі мне ніводнага кароткага ліста, але я думаю, што яны даручылі мне і свае сем'і, і сваіх улюбёных дзяцей», — паведаміў Кім Чэн Ын у сваёй прамове.
Пры гэтым у прамове ён ні разу не згадаў, дзе змагаліся салдаты з КНДР і з кім. І прызнаў, што іх сем'і таксама пра гэта не ведалі і нават не былі ў курсе, што тыя адправіліся кудысьці ваяваць. Кім згадаў проста «замежныя палі бітваў».
«Сэрца разрываецца ад думкі, што вы, сем'і загінулых воінаў, нічога не ведалі пра сваіх любімых сыноў і мужоў і раптам шакаваныя ад нечаканай вестак. Неахвота нават працаваць», - сказаў у сваёй прамове Кім Чэн Ын.
Сямейнікі загінулых, як пішуць СМІ КНДР, «выліліся рыданнямі ад палымянай шчырасці бацькі, які ўслаўляе несмяротныя заслугі і неацэннае жыццё загінуўшых патрыётаў і стварае небывалую ў гісторыі легенду любові і даверу».
Паўночнакарэйскі дыктатар падрабязна патлумачыў, што менавіта атрымаюць сем'і загінулых ад дзяржавы. Іх дзяцей аддадуць у «рэвалюцыйныя вучылішчы», дзе за іх выхаванне будзе адказваць асабіста Кім, дзяржава і войска.
А ў Тэсонскім раёне горада Пхеньяна будзе пабудавана новая вуліца для сем'яў ваяроў-удзельнікаў вайны, якія, як паведаміў Кім, «праслаўлялі сваё жыццё, як у песні спяваецца, як зоркі, і, на вялікі жаль, сышлі ад нас у такім маладым узросце».
«І насупраць яе ў самым лепшым месцы дэндрарыя мы будзем хаваць прах загінулых і будаваць помнік несмяротным баявым подзвігам вялікіх ваяроў, якія баранілі стойкасць карэйскага народа, годнасць і гонар Карэйскага Народнага Войска. Мы будзем рабіць усё для таго, каб людзі ўсёй краіны ў любы час наведвалі іх, шанавалі памяць і дзяліліся з імі ўсімі славай і радасцю», — заявіў Кім.
28 жніўня дзяржаўная тэлевізія КНДР паказала 25-хвілінны дакументальны фільм, які ўключаў кадры жаўнераў, дзесьці на полі бою, як мяркуецца, у Курскай вобласці РФ.
Паўночная Карэя і Расея публічна не раскрываюць маштабы перакідвання і страты паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Са звестак паўднёвакарэйскай выведкі, з 15 000 чалавек, якія бралі ўдзел у перакідцы, загінула блізу 600 чалавек. Паводле ацэнак заходняй выведкі, колькасць ахвяр перавысіла 6 000 чалавек. На афіцыйных фота Кім Чэн Ын пазіраваў з бацькамі і жонкамі загінулых і іх блізу 200, калі палічыць колькасць людзей на трох групавых здымках.