Польшча прадоўжыла памежны кантроль з Літвой і Нямеччынай да кастрычніка
- 3.08.2025, 14:53
З 7 ліпеня польская памежная служба праверыла больш за 493 тысячы чалавек.
Польшча падаўжае памежны кантроль з Літвой і Нямеччынай яшчэ на 60 дзён – да 4 кастрычніка. Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Марцін Кервінскі нагадаў на прэс-канферэнцыі 3 жніўня, што адпаведная пастанова ў пятніцу была перададзеная на апавяшчэнне Еўрапейскай камісіі, паведамляе «Польскае радыё».
«У верасні мы будзем прымаць далейшыя пастановы, грунтуючыся на звестках, якія будзем атрымліваць ад Памежнай службы, войска і паліцыі», – заявіў Кервінскі. Кіраўнік МУС падкрэсліў, што прыярытэтнай задачай цяпер з'яўляецца перакрыццё міграцыйнага маршруту, які з тэрыторыі Беларусі зрушыўся на Літву і Латвію.
Марцін Кервінскі таксама падзякаваў усім службам, задзейнічаным у аперацыі, за ўзорную каардынацыю дзеянняў і добрае супрацоўніцтва.
З 7 ліпеня да сёння Памежная служба праверыла больш за 493 тысячы чалавек на межах з Літвой і Нямеччынай. Як паведаміў галоўны камандзір Памежнай службы генерал Роберт Баган на нарадзе ў будынку МУС, на мяжы з Нямеччынай праверана больш за 279 тысячаў чалавек, а з Літвой – амаль 214 тысячаў.
За гэты перыяд было адмоўлена ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы 185 замежнікам. У большасці выпадкаў прычынай адмовы стала адсутнасць дакументаў, якія даюць права на перасячэнне мяжы. На мяжы з Нямеччынай было адмоўлена 124 асобам, з Літвой – 61.
Міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак запэўніў, што кантроль на межах з Нямеччынай і Літвой не выклікае сур'ёзных цяжкасцяў у руху.
У сувязі з часовым аднаўленнем кантролю Галоўная ўправа нацыянальных дарог і аўтамагістраляў была вымушаная рэарганізаваць рух на некалькіх дзясятках памежных пераходаў і дарог.
Кантроль на межах з Нямеччынай і Літвой быў адноўлены 7 ліпеня.