Пуцін падмануў французскія кампаніі
- 29.08.2025, 16:21
Уладар Крамля адабраў у іх расійскія заводы па выпуску прамысловых газаў.
Пуцін перадаў актывы французскага хімічнага холдынгу Air Liquide кампаніі «М-Логистика». Адпаведны ўказ расійскі дыктатар падпісаў у пятніцу, 29 жніўня.
Згодна з дакументам, у часовае кіраванне расійскай кампаніі перайшлі акцыі ООО «Эр Ликид Рюсси», у тым ліку ООО «Эр Ликид», АО «Логистика», АО «Эр Ликид Северсталь», ООО «Эр Ликид Алабуга», «Эр Ликид Балаково», «Эр Ликид Липецк», «Эр Ликид Рязань», «Эр Ликид Кстово», «Эр Ликид Кузбасс» і «Север Ликвид Газ», піша The Moscow Times.
Пры гэтым у Расіі, паводле дадзеных «СПАРК-Інтэрфакс», зарэгістравана не менш за восем кампаній з назвай «М-Логистика»: тры — у Маскве, па адной — у Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе і Уфе. Якая з іх атрымала кантроль над актывамі Air Liquide, у ўказе прэзідэнта не ўдакладняецца.
Французская Air Liqiude з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў прамысловых газаў і крыягеннага абсталявання.
Яна працавала ў Расіі з 1989 года, але з-за паўнамаштабнай вайны ва Украіне вырашыла пакінуць расійскі рынак і перадала бізнес мясцоваму менеджменту ў верасні 2022-га. Да вайны Air Liqiude цесна супрацоўнічала з расійскімі металургічнымі прадпрыемствамі — «Евраз ЗСМК», «Металлоинвестом» і «Северсталью».
Актывы многіх замежных кампаній у Расіі пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне спачатку пераходзяць у часовае кіраванне айчынных кампаній або дзяржавы, а затым перапрадаюцца.
У красавіку 2023 года Пуцін падпісаў указ аб адабранні замежных актываў у адказ на канфіскацыі ў ЗША і «далучаных да іх» іншых дзяржавах маёмасці Расіі, расійскіх грамадзян і кампаній.
На гэтым тыдні Пуцін перадаў у часовае кіраванне Росимущества АО «Челябэнергоремонт», які належаў фінскаму энергетычнаму канцэрну Fortum. Саму расійскую «дочку» фінскай кампаніі — ПАО «Фортум» — кіраўнік РФ перадаў Росимуществу яшчэ ў 2023 годзе. Тады ў Fortum назвалі дзеянні Масквы парушэннем міжнароднага права, а страту ад страты расійскіх актываў ацанілі ў 1,7 млрд еўра.
У лютым 2024-га фінская кампанія падала пазоў у суд з патрабаваннем да Расіі кампенсаваць кошт канфіскаваных актываў.