У Беларусі плануюць збіраць расейскія цягнікі
- 29.08.2025, 15:09
Прадпрыемствы ў РФ перагружаныя вайсковымі замовамі.
Найбуйнейшы ў Расеі вытворца рухомага саставу для чыгунак «Трансмашхолдынг» (ТМХ) зацікаўлены ў адкрыцці ў Беларусі зборачнага прадпрыемства, заявіў генеральны дырэктар кампаніі Кірыл Ліпа.
Ён расказаў, што цяпер усе заводы ў Расеі такога профілю вельмі моцна загружаныя, і свабодных магутнасцяў няма.
«Таму мы гатовыя лакалізаваць сваю вытворчасць у Беларусі ( ... ) у якасці патэнцыйнай пляцоўкі разглядаецца дэпо ў Баранавічах. Мы адкрытыя», - цытуе кіраўніка ТМХ прапагандысцкая газета «СБ. Беларусь сегодня».
Паводле ягоных слоў, такое развіццё падзей залежыць ад двух чыннікаў: пастаянных замоў з боку ключавых пакупнікоў у Беларусі (Мінскі метрапалітэн і Беларуская чыгунка), а таксама фінансавых магчымасцяў.
«Як толькі будзе заяўлена, мы адразу разгорнем зборачную вытворчасць», - дадаў Ліпа.