BE RU EN

Шайгу пахваліў «Талібан»

  • 29.08.2025, 14:21

Расея ахвочая спрыяць талібам у сферы сілавых ведамстваў.

Былы міністр абароны Расеі, сакратар Савета бяспекі Сяргей Шайгу апублікаваў калонку ў «Российской газете» пад загалоўкам «Афганістан: цярністы шлях да стабільнасці». У ёй Шайгу станоўча ацэньвае рух «Талібан», які расейскія ўлады толькі ў красавіку 2025 года выключылі са спісу тэрарыстаў, піша The Moscow Times.

Шайгу мяркуе, што «Талібан» вядзе барацьбу з экстрэмістамі на сваёй тэрыторыі. «Кабул рэгулярна ліквідуе баевікоў ІДІЛ. Вядома, калі б не ўведзеныя краінамі Захаду карныя санкцыі супраць талібаў, гэтая барацьба была б больш эфектыўнай», — напісаў ён. Паводле слоў Шайгу, Афганістану яшчэ належыць вялікая праца для стабілізацыі сітуацыі ў краіне, а Расея гатовая спрыяць талібам у сферы сілавых ведамстваў. «У Афганістане дзейнічае блізу дваццаці міжнародных тэрарыстычных арганізацый агульнай колькасцю больш за 23 тысячы баевікоў, што нясе сур’ёзную пагрозу для рэгіёна і свету», — адзначыў ён.

Шайгу ўсклаў адказнасць за цяжкасці ў аднаўленні Афганістана на заходнія дзяржавы, нагадаўшы, што 9 млрд даляраў дзяржаўных рэзерваў урада талібаў застаюцца замарожанымі, хоць маглі б быць накіраваныя на развязанне праблем краіны. Таксама ён заявіў пра няўдачу амерыканскай кампаніі ў Афганістане. «Неарганізаваны вывад войскаў, які пацягнуў ахвяры сярод мірных жыхароў, стаў сімвалам правалу адміністрацыі Джо Байдэна і хаосу ў замежнай палітыцы ЗША пры дэмакратах», — напісаў ён. У пацвярджэнне сваіх слоў Шайгу працытаваў цяперашняга прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які назваў сыход з Афганістана «найбольш ганебным днём у гісторыі ЗША».

Шайгу таксама абвінаваціў ЗША ў павелічэнні вытворчасці наркотыкаў у Афганістане: «Максімальныя аб’ёмы вытворчасці апіатаў прыпалі на другі тэрмін прэзідэнцтва Барака Абамы і да 2017 года дасягнулі 9000 тон — у 43 разы больш, чым да прыходу амерыканцаў у Афганістан». Ён адзначыў барацьбу талібаў з наркавытворчасцю. Паводле яго слоў, «ужо ў 2023 годзе плошчы пасеваў апійнага маку, якія раней складалі блізу 232 тысяч га, скараціліся на 95%», а «на сёння 20 з 34 правінцый Афганістана лічацца свабоднымі ад наркаплантацый».

У чэрвені Расея першай у свеце афіцыйна прызнала Ісламскі Эмірат Афганістан — дзяржаўнае ўтварэнне, якім кіруе рух «Талібан». Расея падвысіла статус дыпламатычных стасункаў з Кабулам, і ў Маскве з’явіўся пасол Афганістана.

Апошнія навіны