BE RU EN

Reuters: Уіткаф пасля сустрэчы з Пуціным няправільна перадаў патрабаванні РФ аб тэрыторыях

  • 29.08.2025, 14:12

Спецпасланнік Трампа парушыў пратакол і не зафіксаваў прапановы.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф пасля сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 6 жніўня ў Маскве, няправільна перадаў пазіцыю РФ аб тэрытарыяльных саступках.

Пра гэта піша Reuters са спасылкай на некалькі крыніц.

Са слоў суразмоўцаў, Уіткаф пасля сустрэчы з Пуціным у Маскве паведаміў Трампу, што Крэмль нібыта гатовы прапанаваць значныя тэрытарыяльныя саступкі для спынення вайны супраць Украіны. Трамп, пачуўшы гэта, вітаў «вялікі прагрэс» і пагадзіўся сустрэцца з Пуціным на Алясцы, адзначыўшы, што на стале ляжыць пытанне аб абмене тэрыторыямі.

Аднак дыпламатычныя намаганні неўзабаве перараслі ў блытаніну. Уіткаф падчас размовы 7 жніўня з еўрапейскімі лідарамі заявіў, што Пуцін гатовы вывесці войскі з Запарожскай і Херсонскай абласцей у абмен на тое, што Украіна саступіць Данецкую і Луганскую. Такая прапанова «ўразіла многіх удзельнікаў» тэлефоннай размовы, паколькі рэзка разыходзілася з іх уласнымі ацэнкамі пазіцыі Пуціна.

Ужо на наступны дзень Уіткаф змяніў сваю версію, заявіўшы, што Крэмль напраўду не прапаноўваў вывесці войскі з двух украінскіх рэгіёнаў, а толькі даў зразумець, што не будзе патрабаваць ад Захаду афіцыйнага прызнання Запарожскай і Херсонскай абласцей часткай Расеі.

Такая сітуацыя нібыта адбылася праз тое, што Уіткаф парушыў пратакол, адправіўшыся на сустрэчу без прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамента, які звычайна вядзе запіс перамоў, і застаўся без запісу дакладных прапаноў Пуціна.

Са звестак Reuters, некаторыя амерыканскія чыноўнікі, уключаючы дарадцу Трампа аб Украіне Кіта Келага, былі незадаволеныя тым, што Уіткаф прывёз з Масквы супярэчлівую інфармацыю ў момант, калі ЗША пачалі займаць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да РФ.

Апошнія навіны