Іван Дорн праспяваў у Варшаве па-ўкраінску з вулічным музыкам з Беларусі
- 28.08.2025, 14:55
Відэа набрала больш за 400 тысяч праглядаў.
Украінскі выканаўца Іван Дорн праспяваў з вулічным музыкам з Беларусі Іванам Абрамавым, які выступае ў Варшаве. Для дуэта Дорн прапанаваў песню «Стыцамэн», перакладзеную на ўкраінскую мову. Відэа набрала больш за 400 тысяч праглядаў, піша MOST.
Іван Абрамаў часта выкладвае ў сябе ў блогу ролікі, як падыходзіць да мінакоў і спявае для іх. Ролік з Дорнам зняты ў той жа манеры. Музыка падыходзіць з гітарай і пытаецца па-расейску ў Дорна, які сядзіць на лавачцы, якая ягоная ўлюбёная песня. Той пытаецца, ці разумее музыка па-ўкраінску, і прапануе праспяваць сваю ўлюбёную песню.
Ці было выкананне экспромтам або нарыхтоўкай, меркаваць складана. Але Абрамаў у каментарах напісаў: «Вось так на вуліцы нараджаюцца новыя гіты», — і паставіў смайлік.