У Лондане ўскрылі капсулу часу, якую амаль 35 гадоў таму заклала прынцэса Дыяна
- 27.08.2025, 19:23
Што выявілася ўнутры?
На тэрыторыі дзіцячай лякарні Грэйт-Орманд-стрыт у Лондане пачалі будаўніцтва новага анкалагічнага цэнтра. Каб вызваліць месца, працоўныя дасталі капсулу часу, якая праляжала пад зямлёй больш за 30 гадоў (яе закапалі ў 1991 годзе). Першапачаткова капсулу планавалі ўскрыць «праз сотні гадоў», але будоўля ўнесла свае карэктывы. Пра тое, што знайшлі ўнутры, расказала газета The Guardian.
Капсулу збіралі пад асабістым патранажам Дыяны, прынцэсы Валійскай. У 1989 годзе яна стала прэзідэнткай лякарні і брала ўдзел у жыцці ўстановы аж да сваёй смерці ў 1997-м. Дыяна дапамагла двум дзецям, якія перамаглі ў конкурсе праграмы Blue Peter, выбраць 10 прадметаў, якія, на іх думку, адлюстроўваюць жыццё пачатку 90-х.
11-гадовы Дэвід паклаў у капсулу кампакт-дыск з альбомам Кайлі Міноўг Rhythm of Love, перапрацаваную паперу і пашпарт. Дзявяцігадовая Сільвія выбрала набор брытанскіх манет, кантэйнер з насеннем дрэў і галаграму сняжынкі. Апроч згаданых прадметаў, у драўлянай скрыні таксама апынуліся:
калькулятар на сонечных батарэях,
кішэнны тэлевізар,
фота прынцэсы Дыяны,
нумар газеты The Times з датай закладкі капсулы, дзе на першай паласе размясціўся Гарбачоў з інфармацыяй аб выбарах у СССР.