BE RU EN

Атамны крэйсер для бензакалонкі

  • Уладзімір Халіп
  • 27.08.2025, 11:03

Яшчэ адна навіна для тых, хто дагэтуль не зразумеў.

Як маглі прамаргаць і прагледзець такую падзею?.. Эмоцыі ўсяму віной. Хто тады не трапятаў і не хваляваўся, пакуль вайскоўцы на Алясцы раскочвалі дывановую дарожку. Гэта ж якая сустрэча мелася быць! Фактычна гэта была нават не дывановая дарожка, а чырвоная рыса, пра якую так шмат напярэдадні казаў прэзідэнт Трамп. Вось ён і Пуцін сустрэнуцца, паціснуць адзін аднаму рукі, і гэтая чырвоная дарожка стане той самай чырвонай лініяй, з якой пачнецца іншы адлік. Імгненна сціхнуць вайны. І доўгі трывалы мір запануе неўзабаве на зямлі.

Не пашанцавала. Не дачакаліся. Вынікам гэтай дзіўнай сустрэчы стала хіба што глыбокае расчараванне ў бескарыснасці вялікіх задум аб дасягненні хоць бы замірэння з тым, хто патрабуе толькі безумоўнай капітуляцыі. Гэты нумар асуджаны на няўдачу. Наіўныя і бессэнсоўныя спробы называць добрым хлопцам быццам бы партнёра, якога ўжо даўно шукае Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Трамп упэўнены быў, што прапануе партнёру ў перамовах такія ўмовы, ад якіх проста немагчыма будзе адмовіцца. А падпалкоўнік Пуцін прачытаў яму ў адказ кароткую лекцыю пра полаўцаў і печанегаў. Амаль гэтак жа паступіў калісьці і амбіцыйны, да немагчымасці, яфрэйтар на перамовах аб міры для Еўропы ўзору 1938 года. У такіх перамовах галоўнае - саступкі. Наступствы нічога не значаць.

Толькі што на прэс-канферэнцыі ў Белым доме, на пытанне журналіста пра перспектывы двухбаковых перамоў паводле ягонай формулы, Трамп прамовіў глыбакадумную фразу. «Каб танцаваць танга, патрэбныя двое». Хто б спрачаўся. Толькі вось пазіцыя Зяленскага бянтэжыць. Не верыць ён абяцанням, тым больш, расейскім. Аднак цяперашняя сітуацыя ў звыклыя афарызмы не ўкладаецца. Тады, у Мюнхене, нахабнік, які надумаў ісці ва-банк, быў яшчэ слабы. І пра «вундэрваф» яшчэ толькі марыў. Партнёры ў перамовах маглі прыбіць яго адной пстрычкай. Але не адважыліся. І штука з канфіскацыяй чужых тэрыторый атрымалася.

А вось крамлёўскі летуценнік апошняга разбору пытанне аб гэтай зброі ўжо даўно разгледзеў. Дакладней, без яго разгледзелі. Проста ён увесь час мае гэта на ўвазе. І фарсіць гэтай спадчынай, дзе толькі магчыма. Многія адзначылі яго больш чым дзіўныя паводзіны на саміце ў Анкарыджы. А яно ані не дзіўнае. Ён нездарма куражыўся, строіў міны, амаль гарэзнічаў. Ды і пасля саміту ён збіраў інфармацыю пра самае галоўнае. Нездарма ж ён наведваў Сараў - сакральнае месца ўяўнай імперскай сілы. Менавіта там калісьці пад кіраўніцтвам незабыўнага Лаўрэнція Паўлавіча збіралі той самы цуд-зброю паводле крадзеных чарцяжоў. Галоўная канторка краіны са сталінскім заданнем тады справілася паспяхова. І з той пары амбіцыі зашкальваюць.

«Можам паўтарыць!» - гэты ваяўнічы кліч з кожным годам гучыць усё гучней і больш нахабна. А пытанне замірэння агрэсара па-ранейшаму застаецца актуальным. Вось бы супраціўнікам сесці за адзін стол, пагаварыць, і знайсці развязанне, выгаднае ўсім. І прыйсці да згоды, што ў аснове ўсяго – угода. Чым не выйсце з нявыкруткі? Вось толькі ніякія разлікі і выгады ў гэтым выпадку да міру не прывядуць. Ніякія ахвяры і страты раз'юшаную чэрнь не спыняць. - Яфрэйтар таму сведка.

Штука з ужо адыёзным «Арэшнікам» чаканага ўражання не зрабіла. І тады яны ўзяліся за «Буравеснік». Таксама ракета, толькі ёю сур'ёзна яшчэ нікога не палохалі. А таму высадзілі адпаведны дэсант спецыялістаў і іншых службаў на ядзерны палігон. На новай зямлі, і без таго ўжо загаджанай. Будуць вялікія выпрабаванні. Ранейшыя спробы запусціць гэтую ракету скончыліся катастрофай. Але цяпер выпрабавальнікі маюць намер усіх наіўных запалохаць сур'ёзна.

А напярэдадні саміту на Алясцы Пуцін ужо ведаў, што яшчэ да выхаду з рамонту гатовы атамны крэйсер «Адмірал Нахімаў». Гіганцкі карабель, прызначаны для знішчэння амерыканскіх авіяносцаў, выйшаў у Белае мора на хадавыя выпрабаванні. Гэта падзея не прыцягнула асаблівай увагі - усе абмяркоўвалі сенсацыйную сустрэчу на чырвонай дарожцы. Хіба што кітайскія журналісты адзначылі раптоўнае з'яўленне ў патрэбны час дзіўнага сілуэту на гарызонце. Марскі монстр, як ужо паспелі назваць яго тыя, хто знаёмы з гэтым праектам, які абышоўся прыхільнікам імперскага рэваншу на 200 мільярдаў рублёў, ужо на плаве. Амаль трыццаць гадоў доўжылася вялікае распілоўванне і нейкая там рэканструкцыя. Але задума каштавала таго. Бензакалонка надумала абзавесціся яшчэ і атамным крэйсерам.

Але што значаць гэтыя навіны ў кантэксце перамоў аб міры ці нават замірэнні. Упэўненасць і ўпартасць не дазваляюць заўважаць прыкметы будучай катастрофы. Быццам бы ўсё ідэальна. Але як можна было ставіць знак роўнасці паміж агрэсарам і тымі, на каго здзейснены напад. Чаканні наіўныя і прадказальныя. Уціхамірыць агрэсара кавалкам чужой зямлі яшчэ не ўдавалася нікому. І ў гэтым выпадку ніякіх выключэнняў не будзе.

І вось яшчэ адна навіна для тых, хто ўсё яшчэ не зразумеў, які дом задумаў пабудаваць Джэк на падкантрольнай яму частцы сушы. Расея толькі што заявіла пра намер выйсці з Еўрапейскай Канвенцыі супраць катаванняў. Нічога нечаканага. Проста высветлілася раптам, што з цывілізаваным светам недабудаванай імперыі не па дарозе. У рэваншыстаў планы проста грандыёзныя.

Як жа тут без катаванняў?

Уладзімір Халіп, адмыслова для Charter97.org

Апошнія навіны