Сабаленка і Азаранка выйшлі ў другі раунд US Open
- 25.08.2025, 18:50
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пераможна пачала выступленне на адкрытым чэмпіянаце ЗША.
У матчы 1/64 фіналу дзейная чэмпіёнка US Open першая ракетка планеты падолела прадстаўніцу Швейцарыі Рэбеку Масараву, якая займае 109-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 7:5, 6:1.
У другім раўндзе Сабаленка сустрэнецца з расейкай Палінай Кудэрметавай (64-ы нумар рэйтынгу WTA).
Вікторыя Азаранка (133) у матчы першага круга US Open-2025 падолела амерыканку Хіну Іноўэ (218) - 7:6 (7:0), 6:4. У першым сэце справа дайшла да тай-брэйку, у якім Азаранка не аддала спаборніцы ніводнага бала - 7:0. У другой партыі экс-першая ракетка свету зрабіла брэйк пры ліку 5:4. Паставіць пераможную кропку беларусцы ўдалося ўжо пасля першага матчбола.
Наступнай спаборніцай Азаранкі стане пераможца пары Анастасія Паўлючэнкава (Расея) - Даяна Ястрэмская (Украіна).
Паядынкі асноўнага этапу US Open пройдуць з 24 жніўня да 7 верасня. Агульны прызавы фонд турніру ў Нью-Ёрку складзе рэкордныя $90 млн, чэмпіёны ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадах заробяць па $5 млн. Год таму пераможцай амерыканскага чэмпіянату стала беларуска Арына Сабаленка, якая падолела ў вырашальным паядынку амерыканку Джэсіку Пегулу - 7:5, 7:5.