Расейскі ядзерны шчыт «здрыгануўся»
- 25.08.2025, 12:32
У РФ панікуюць праз магчымасці Захаду.
Расея нібыта сутыкаецца з «каласальнымі пагрозамі» з боку Захаду, праз што мае патрэбу ў мадэрнізацыі свайго ядзернага патэнцыялу. Такую заяву зрабіў генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» Аляксей Ліхачоў, піша Fox News.
Ліхачоў адзначыў, што цяперашняя геапалітычная сітуацыя з'яўляецца часам каласальных пагроз для існавання Расеі. На ягоную думку, ключавая гарантыя суверэнітэту РФ гэта ядзерны шчыт, які таксама з'яўляецца мячом.
Таксама Ліхачоў заявіў, што расейскія ўлады ўсведамляюць, што ядзерны шчыт павінен быць ўдасканалены ў найбліжэйшыя гады. У той жа час дырэктар «Расатама» не ўдакладніў, якія менавіта абнаўленні плануецца ўнесці ў ядзерную праграму «Шчыт».
У Fox News адзначылі, што цяпер Расея і ЗША кантралююць амаль 90% сусветнага ядзернага арсенала. Масква захоўвае амаль 4400 ядзерных боегаловак, з якіх больш за 1500 стратэгічна разгорнутыя, тады як ЗША маюць больш за 3700 боегаловак, 1400 з якіх разгорнутыя, паведамляе Асацыяцыя кантролю над узбраеннямі.
У той жа час тэрмін дзеяння апошняй двухбаковай дамовы з ЗША ў кантролі над ядзернай зброяй «Новы старт» набліжаецца да заканчэння. Уладзімір Пуцін патлумачыў выхад з дамовы тым, што ЗША нібыта распрацоўваюць новыя віды ядзерных боепрыпасаў, што падрывае баланс дамоўленасці.