BE RU EN

Лядашчыя старыя ўжо не ў стане падзяліць свет

  • Наталля Радзіна
  • 25.08.2025, 17:00

Незалежная Украіна і дэмакратычная Беларусь - гаранты бяспекі ў Еўропе.

Учора Украіна адзначыла Дзень незалежнасці. Сёння - фактычны дзень незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 года дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. Нашы краіны сталі суверэннымі практычна адначасова: у 1991 годзе савецкія рэспублікі спяшаліся як мага хутчэй вырвацца з «імперыі зла» і пачаць жыць самастойна ў свабодных і дэмакратычных дзяржавах. І сёння, праз 34 гады, калі ва Украіне вайна, а ў Беларусі — жорсткая дыктатура, мы працягваем заставацца звязанымі лёсам і гісторыяй.

Першапрычына як вайны ва Украіне, так і дыктатуры ў Беларусі адна - хворая імперская Расея, якая ўсялякім коштам спрабуе ўтрымаць нашы краіны пад кантролем. Дыктатар Лукашэнка змог кіраваць у Беларусі 31 год толькі дзякуючы рэпрэсіям і ўсебаковай крамлёўскай падтрымцы. Ва Украіне ж усталяваць прарасейскую дыктатуру не ўдалося, таму на яе пайшлі разбуральнай вайной, якая доўжыцца вось ужо 11 гадоў. Зыход гэтай вайны вызначае лёс усіх нас: украінцаў, беларусаў, малдаванаў, грузінаў, якія мараць вырвацца з лап Крамля, а таксама ўсёй Еўропы, часткай якой мы несумненна з'яўляемся.

Украіна сёння - гэта ключ да рэгіянальнай бяспекі. Гэта не толькі наша, былых савецкіх рэспублік, надзея здабыць нарэшце свабоду і шчасліва жыць у сваіх краінах. Гэта надзея літоўцаў, латышоў, эстонцаў і палякаў пазбавіцца ад пастаянна навіслай пагрозы нападу. Таму што нават «парасон» ЕЗ і NATO не дае ім сёння стоадсоткавых гарантый бяспекі.

Так, гледзячы на нерашучасць Дональда Трампа ў дачыненні да Расеі, яго нежаданне прымаць жорсткія меры супраць вайсковага злачынцы Пуціна і дапамагаць Украіне, кампліменты і шарканне перад дыктатарам Лукашэнкам, многіх прывялі ў адчай. Узнікла адчуванне трыумфу зла, марнасці намаганняў і ахвяр і адсутнасці якой-небудзь справядлівасці.

Але я веру ў Еўропу і яе здаровы сэнс і ўпэўненая, што эксцэнтрычнаму прэзідэнту ЗША не ўдасца звесці з розуму ўвесь свет. Вядома, яго штодзённыя слоўныя эскапады, супярэчлівыя заявы і скандальныя выхадкі перакульваюць усё з ног на галаву, ніхто не ведае, чаго ад яго чакаць. Але, тым больш, гэта прымушае еўрапейскія дзяржавы абапірацца на ўласныя сілы і прымаць самастойныя пастановы.

Што б ні рабіў Трамп, колькі б ён ні сустракаўся з Пуціным, колькі б ні правёў з ім «добрых размоў», і нават калі ён пачне здымаць санкцыі з расейскага ці беларускага рэжымаў, гэта не зменіць стасункі Еўразвязу да пагроз, якія сёння зыходзяць ад гэтых дыктатур. Еўропа не здыме санкцый і працягне падтрымку Кіева. Бо цалкам відавочна, што Пуцін будзе спрабаваць і далей захопліваць Украіну і, пакуль у Беларусі кіруе ягоная марыянетка Лукашэнка, працягне выкарыстоўваць у сваіх мэтах тэрыторыю і вайсковы патэнцыял нашай краіны.

Ні новага Мюнхена, ні новай Ялты не будзе. Ніякія лядашчыя старыя, няхай гэта будзе Пуцін, Трамп або Сі Цзіньпін, якія стаяць адной нагой у магіле, ужо не ў стане падзяліць свет.

Я веру, што ў кіраўніцтва Украіны і яе народа дастаткова стойкасці і мужнасці, каб выстаяць і не капітуляваць. А задача Еўропы, задача ўсіх нас, зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы гэтай надзвычай смелай і непераможнай нацыі.

Таму што незалежная Украіна - гэта і свабодная Беларусь, і бяспечная квітнеючая Еўропа.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org

Апошнія навіны