BE RU EN

«Немагчыма ні спаць, ні снедаць»

  • 24.08.2025, 16:21

Менчукоў абурылі паводзіны суседа.

Жыхар дома на менскай вуліцы Гурскага паскардзіўся на сістэматычнае выкіданне смецця з верхніх паверхаў. З ягоных слоў, смуродныя мяшкі рэгулярна з'яўляюцца на газоне каля пад'езда.

«Немагчыма ні спаць, ні снедаць: смурод стаіць жудасны. А ноччу я асабіста бачыў, як мяшок паляцеў зверху", - расказаў Міхаіл. Ягоная кватэра знаходзіцца на першым паверсе, і вокны выходзяць проста на месца прызямлення адкідаў.

У сітуацыі разбіраліся журналісты агенцтва «Минск-Новости» . Каментар даў участковы інспектар Маскоўскага РУУС, лейтэнант міліцыі Уладзіслаў Касцюковіч. Паводле ягоных слоў, выкіданне смецця з акна парушае правілы карыстання жылымі памяшканнямі і можа пацягнуць за сабой як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць.

Жыхарам раяць фіксаваць парушэнне: фатаграфаваць само смецце і фасад дома, дзе маглі знаходзіцца парушальнікі (напрыклад, па ўключаным святле або адкрытым акне), пасля чаго паведаміць пра інцыдэнт у міліцыю.

За выкіданне смецця з акна можа быць накладзены штраф да 20 базавых адзінак (у жніўні 2025 года — да 840 рублёў), а пры рэгулярных парушэннях ужо надыходзіць адказнасць паводле артыкула «Дробнае хуліганства». У гэтым выпадку магчымы штраф да 30 базавых адзінак, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт. Важна: да адказнасці прыцягваюцца асобы з 14 гадоў.

Калі ж мяшок прычыніць шкоду чалавеку або маёмасці (напрыклад, пашкодзіць аўтамабіль), дзеянні могуць расцэньвацца як крымінальная справа.

Апошнія навіны