BE RU EN

Сёння ў Менску развітаюцца з народным артыстам Беларусі Яраславам Еўдакімавым

  • 24.08.2025, 12:29

Цырымонія пройдзе ад 12.00 да 14.45.

Цырымонія развітання з народным артыстам Беларусі Яраславам Еўдакімавым пройдзе ў Менску ў нядзелю, 24 жніўня.

На старонцы артыста ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» сказана, што развітанне адбудзецца ў рытуальнай зале, размешчанай на вуліцы Альшэўскага, 12, з 12.00 да 14.45.

Яраслава Еўдакімава не стала 22 жніўня.

Яраслаў Еўдакімаў - ураджэнец украінскага Роўна. Ён праславіўся ў 1980-я гады як саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Найбольш вядомыя яго песні — «Фантазёр», «Калодзеж», «За белай ракой», «Ружы белыя», «Усё спраўдзіцца».

Еўдакімаў быў заслужаным артыстам Беларускай ССР (1980), народным артыстам Беларускай ССР (1989), народным артыстам Расеі (2006).

У 1996 годзе спявак пераехаў у Маскву, у 2009-м атрымаў грамадзянства РФ. Пры гэтым актыўна ўдзельнічаў у фестывалях ва Украіне і падтрымліваў культуру гэтай краіны.

У 2017 годзе Еўдакімаў абвінаваціў расейскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны: «Я мяркую, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не даруюць. Яны загубілі маладыя жыцці, амаль 10 000 чалавек. За што? Што, ім Данбас патрэбны? Крым патрэбны?»

Таксама ён выказваўся супраць таго, каб прэзідэнт краіны займаў сваю пасаду больш за два тэрміны.

Яраслаў Еўдакімаў шэдэўральна выканаў многія песні на словы Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. На жаль, многія іх нават не чулі, бо ў лукашэнкаўскія часы і Някляеў, і Бураўкін, і сам Еўдакімаў трапілі ў чорныя спісы. У выніку канец жыцця гэтага таленавітага спевака прайшоў не ў Беларусі.

Апошнія навіны