Экс-палітвязень прыйшоў да дома нямецкага дэпутата, які выкарыстаў працу беларускіх вязняў
- 23.08.2025, 20:30
Ёрг Дарнаў - прадстаўнік прарасейскай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны».
Папулісцкая нямецкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» вядомая сваім сяброўскім стаўленнем да рэжымаў у Менску і Маскве і крытыкай еўрапейскіх санкцый супраць іх. На беларускім кірунку апошнім часам яна развіла бурную дзейнасць: то яе прадстаўнік наведае сталіцу, то падрабязны дэпутацкі запыт з нагоды фінансавання беларускіх дэмакратычных сіл ва ўрад зашле, піша «Позірк».
Асобны радок - бізнэс ультраправай «АдН» у Беларусі. Бізнэсовец, дэпутат федэральнай зямлі Саксонія ад гэтай партыі Ёрг Дарнаў трымае ў Лідскім раёне фірму «Цыбулька-Бел» для перапрацоўкі цыбулі.
Журналісты палітычнага тэлечасопісу «Кантрасты» нямецкай тэлекампаніі ARD падрыхтавалі спецыяльны рэпартаж «АдН і Беларусь — сумнеўныя запыты», частка якога прысвечана наведванню імі дома Дарнаў разам з былым беларускім вязнем Сяргеем Чарняком, які падчас адміністрацыйнага арышту ў лютым 2024 года працаваў на «Цыбулька-Бел».
«Мы хацелі спытаць у Дарнаў, чаму ён у Беларусі прымушаў працаваць на сябе палітвязняў», - растлумачыў голас за кадрам.
На відэазапісе бачна, як журналістаў і Чарняка выганяе з двара рускамоўная жанчына, якая здымае тое, што адбываецца на тэлефон, а затым плюе ў журналіста праз шчыліну ў браме і трохі пазней кажа на адрас Чарняка: «Вы там не працавалі». Неўзабаве прыязджае сам Дарнаў, які гнеўна патрабуе спыніць здымку, пакінуць тэрыторыю перад домам, якую лічыць сваёй, і б'е рукой па камеры аператара.
Як Чарняк на Дарнаў працаваў
Пра працу на нямецкага гаспадара «Цыбулькі-Бел» Чарняк расказваў у інтэрв'ю «Позірку» вясной гэтага года:
— З 2023 года пачалі «дармаеды», «прастытуткі», «наркаманы» не проста сядзець, але яшчэ і працаваць. Пачалося гэта з гарадскога сметніка, потым «зафрахтаваў» нас гэты самы немец з «Цыбулькі-Бел», які чамусьці ў сваёй дэкларацыі, будучы палітычнай асобай у Нямеччыне, не згадаў сваё прадпрыемства, праз што меў непрыемнасці.
Ён адзін раз прыязджаў да нас, я бачыў — ну не да нас, а ў сваю гаспадарку. Мы там цыбулю перабіралі. Мы там сядзелі ў лютым і сакавіку яшчэ. Гэта добра, бо праца - гэта выдатна. Можна выехаць, свежым паветрам дыхнуць, на неба паглядзець, выйсці з гэтага душнага памяшкання, дзе неба не відаць, а толькі відаць, ці дзень, ці ноч — праз дзірачкі, у жалезе пракручаныя. На людзей паглядзець, на жлуктаў, якія абавязаныя працаваць і забяспечваць тым самым сваіх дзяцей.
Жлукты таксама за нас. Дарэчы, на «Цыбульцы» я адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы: спяваў гучна беларускія песні, за што былі пакараныя я і мае паплечнікі ў спевах, бо брыгадзірка падумала, што я напіўся, таму і спяваю (смяецца). Ёй жа ж няўцям, што можна і цвярозым спяваць. Простыя людзі, ну што зробіш. Быў скандал, нас не пускалі на працу. Але я ж не мог не спяваць, бо тут, у Лідзе, столькі дыктовак напісалі, тысячы людзей у лютым кожны год пісалі. Па школах, па бібліятэках. Здаецца, 18 гадоў запар. Таму ў гэты дзень я ўжо не мог стрымацца, хоць і не абвяшчаў, навошта спяваю.