Балтыйскі шлях: 36 гадоў з дня жывога ланцуга свабоды
- 23.08.2025, 15:12
Два мільёны жыхароў Латвіі, Літвы і Эстоніі ўзяліся за рукі, патрабуючы незалежнасці ад СССР.
23 жніўня 1989-га года два мільёны жыхароў Латвіі, Літвы і Эстоніі ўзяліся за рукі і сталі ў жывы ланцуг, які злучыў Талін, Рыгу і Вільню, піша «Салідарнасць».
Акцыя за незалежнасць - «Балтыйскі шлях» - была прымеркаваная да 50-годдзя падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, па сакрэтных пратаколах якога Літва, Латвія і Эстонія адыходзілі СССР.
У дзень 50-й гадавіны падпісання пакта жыхары ўсіх трох краін Балтыі запатрабавалі прызнаць факт падпісання пагаднення і неадкладна аднавіць незалежнасць Балтыйскіх дзяржаў.
Паводле звестак агенцтва Reuters, 23 жніўня 1989 года ў акцыі ўзялі ўдзел 700000 чалавек у Эстоніі, 500000 чалавек у Латвіі і 1000000 жыхароў Літвы.
У сваю чаргу, паводле звестак савецкага агенцтва ТАСС, у ланцуг сталі 300000 жыхароў Эстоніі і 500000 чалавек у Літве. Звесткі аб Латвіі не былі апублікаваныя.
Балтыйскі шлях стаў найбуйнейшай і найважнейшай кампаніяй, мэтай якой было аднаўленне незалежнасці трох балтыйскіх краін.
У выніку СССР прызнаў факт падпісання сакрэтнай дамовы з нацысцкай Нямеччынай, але не факт акупацыі балтыйскіх краін. Неўзабаве Літва аб'явіла аб выхадзе са складу Саюза, азнаменаваўшы яго хуткі распад.