«Пуцін насамрэч баіцца Трампа»
- 23.08.2025, 9:36
У канчатковым выніку прэзідэнт ЗША трымае ўсе карты.
Амерыканскі гісторык і палітолаг Стывен Коткін, адзін з вядучых спецыялістаў Расеі, пракаментаваў сітуацыю з вайной РФ супраць Украіны і ролю Дональда Трампа ва ўрэгуляванні канфлікту. Ён уважае, што стэрэатып аб Трампе як «марыянетцы Пуціна» абсурдны - насамрэч расейскі прэзідэнт асцерагаецца амерыканскага калегі, паколькі той здольны сур'ёзна яму нашкодзіць, піша The Wall Street Journal .
«Ніхто не можа нанесці больш шкоды Пуціну, чым прэзідэнт Трамп. Пуцін насамрэч баіцца Трампа. Трамп - адзіны, хто можа сур'ёзна яму нашкодзіць», - сцвярджае экспэрт.
Пры гэтым ён падкрэслівае, што сам Трамп праяўляе непаслядоўнасць у дачыненнях з Пуціным: ён імкнецца да завяршэння вайны, але не аказвае належнага ціску на Маскву, засяродзіўшыся ў асноўным на ўкраінскім баку.
У сваю чаргу стратэгічная памылка Пуціна, на думку Коткіна, заключаецца ў тым, што Расея страціла ўплыў на суседнія краіны, сутыкнулася з унутранымі праблемамі і незадаволенасцю нават лаяльных эліт.
«Усе суседзі ненавідзяць і баяцца яго (Пуціна. - Заўв. рэд.). Нават Лукашэнка, дыктатар у суседняй Беларусі, хоча дыстанцыявацца, каб вырвацца з мёртвай хваткі Расеі», - сцвярджае экспэрт, падкрэсліваючы, што Пуцін таксама «страціў грамадзянскую эканоміку».
Украіна ж, са слоў Коткіна, - «актыў, а не клопат, але мы, відавочна, не здольныя ацаніць, у чым яе каштоўнасць і чаму».
«Украіна мае войска - сур'ёзнае, у адрозненне ад Нямеччыны, напрыклад. Мы змаглі адправіць шмат нашай зброі і праверыць яе ў баявых умовах дзякуючы адвазе і вынаходлівасці ўкраінцаў», - заявіў гісторык, падкрэсліўшы, што дапамога Кіеву такім чынам таксама ўмацоўвае абаронную прамысловасць ЗША.
Са слоў гісторыка, прэзідэнт ЗША «мае рацыю, імкнучыся да завяршэння вайны». Але праблема заключаецца ў адсутнасці ціску на Пуціна з боку Трампа: «Ён аказаў увесь ціск на ўкраінцаў і амаль ніякага - на Пуціна і расейскае кіраўніцтва, каб прымусіць да перамоў».
Трамп можа аказаць найбольшы ціск на Расею, калі выкарыстоўваць палітычныя рычагі, эканамічныя санкцыі і дыпламатычныя ініцыятывы для падштурхоўвання расейскіх эліт да спынення агрэсіі і засяроджвання на ўнутраным развіцці краіны. Сярод магчымых захадаў - адключэнне расейскіх банкаў ад SWIFT, замарозка актываў, скарачэнне закупак расейскай нафты Індыяй і нават дыпламатычныя ўгоды з Кітаем за спінай Пуціна, уважае Коткін:
«Пуцін можа ўсміхацца, пазіраваць на чырвонай дывановай дарожцы, жартаваць на камеру з Трампам. Але ў канчатковым выніку Трамп трымае карты. І калі ён іх пачне выкарыстоўваць, ён зможа расхістаць самаўпэўненасць Пуціна і яго максімалісцкія патрабаванні».