Дроны масавана атакавалі Валгаградскую вобласць РФ: пашкоджаны чыгуначны вузел
- 23.08.2025, 8:14
Станцыя палае.
Уначы 23 жніўня беспілотнікі масавана атакавалі Валгаградскую вобласць Расеі: пад ударам апынуўся Камышынскі раён, дзе ў выніку абстрэлу падняўся пажар на чыгуначнай станцыі, а таксама выбіла шкленне ў навакольных дамах, піша «Фокус».
Дроны пабілі чыгуначную станцыю ў горадзе Пятроў Вал Валгаградскай вобласці РФ. Аб нападзе паведамілі расейскія Telegram-каналы.
«У горадзе Пятроў Вал у Камышынскім раёне Валгаградскай вобласці пасля нападу БПЛА ўзнік пажар у раёне мясцовай чыгуначнай станцыі, паведамілі мясцовыя жыхары. У вокнах дамоў выбіта шкло», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ў сетцы паказалі кадры з месца падзей. На відэароліку бачна, як у горадзе падняўся пажар.
Губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачароў паведамляў аб наступствах атакі БПЛА па рэгіёне. Аднак ён у сваёй зводцы аб наступствах не згадаў аб удары па чыгуначнай інфраструктуры ў Пятровым Вале.