BE RU EN

У расейскім Краснадары згарэў беларускі трамвай

  • 22.08.2025, 16:04

«Белкамунмашу» давялося прасіць прабачэння.

У расейскім Краснадары 21 жніўня на канцавым прыпынку «Вуліца Дзекабрыстаў» адбылося ўзгаранне трамвая вытворчасці беларускага холдынгу «Белкамунмаш». У кампаніі заявілі, што па факце інцыдэнту праводзіцца праверка.

Трамвай, паводле звестак «БКМ Холдынг» («Белкамунмаш»), рухаўся маршрутам №3. Пацярпелых няма, узгаранне было ліквідаванае.

У кампаніі заявілі, што прадстаўнікі сэрвісна-збытавага цэнтра «Белкамунмаш» знаходзяцца ў Краснадары, дзе бяруць удзел у рабочай групе па выяўленні прычын узгарання.

«Таксама ў Краснадар аператыўна былі накіраваныя спецыялісты навукова-тэхнічнага вытворчага цэнтра. Прадстаўнікі холдынгу аналізуюць інфармацыю, праводзяць разбор прычын узгарання, каб ужыць адпаведныя захады для гарантавання бяспекі пасажырскіх перавозак і недапушчэння такіх выпадкаў у наступным», — заявілі ў холдынгу.

Там таксама прынеслі прабачэнні пасажырамі і паабяцалі ўжыць «дзейсныя захады для папярэджання такіх інцыдэнтаў у будучыні».

Нагадаем, у 2023 годзе такі выпадак адбыўся ў расейскім горадзе Самары, дзе таксама загарэўся трамвай «Белкамунмаша». Пацярпелых не было, спецыялісты холдынгу тады таксама абяцалі ўжыць «дзейсныя захады» на будучыню.

Апошнія навіны