Памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў, аўтар гіта «Фантазёр»
- 22.08.2025, 21:27
Артыст выступаў супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.
У 78 гадоў памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў, аўтар вядомага гіта «Фантазёр». Прычынай смерці стаў рак лёгкіх, паведаміла ТАСС ягоная ўдава Ірына Еўдакімава.
«Сёння раніцай не стала Яраслава, нашага ўлюбёнага фантазёра! Дзякуй вам дарагія гледачы, слухачы за любоў да творчасці вялікага артыста, за ўвагу і воплескі! Дзякуй, дарагія падпісчыкі, за добрыя словы і пажаданні, якія вельмі падтрымалі Яраслава, давалі сілу і веру, што праспявана шмат прыгожых песень і жыццё пражытае нездарма!» - напісала Ірына Еўдакімава ў сацсетках.
Яраслаў Еўдакімаў - ураджэнец украінскага Роўна. Ён праславіўся ў 1980-я гады як саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Найбольш вядомыя яго песні - «Фантазёр», «Калодзеж»,» «За белай ракой», «Ружы белыя», «Усё збудзецца».
Еўдакімаў быў заслужаным артыстам Беларускай ССР (1980), народным артыстам Беларускай ССР (1989), народным артыстам Расеі (2006).
У 1996 годзе спявак пераехаў у Маскву, у 2009-м атрымаў грамадзянства РФ. Пры гэтым актыўна ўдзельнічаў у фестывалях ва Украіне і падтрымліваў культуру гэтай краіны.
У 2017 годзе Еўдакімаў абвінаваціў расейскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны: «Я мяркую, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не даруюць. Яны загубілі маладыя жыцці, амаль 10 000 чалавек. За што? Што, ім Данбас патрэбны? Крым патрэбны?»
Таксама ён выказваўся супраць таго, каб прэзідэнт краіны займаў сваю пасаду больш за два тэрміны.
Яраслаў Еўдакімаў шэдэўральна выканаў многія песні на словы Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. На жаль, многія іх нават не чулі, таму што ў лукашэнкаўскія часы і Някляеў, і Бураўкін, і сам Еўдакімаў трапілі ў чорныя спісы. У выніку заканчэнне жыцця гэтага таленавітага спевака прайшло не ў Беларусі.